Абодва асуджаныя – непаўнагадовыя навучэнцы каледжаў з Астравецкага раёна.
Два хлопцы дамовіліся абакрасці адзін з дамоў у вёсцы Грышкойці. Здарэнне адбылося ў лістападзе мінулага года каля 11 гадзін. Прыехалі на бензінавым культыватары ў вясковы сад. У прычэп пагрузілі чацвёра дзвярэй ад сіняга “Масквіча-412”. Дзверы ацэньваюцца каля 13 рублёў.

Пагрузілі і чатыры металічныя спінкі ад ложка агульнай цаной у шэсць рублёў.

Скрадзенае выгрузілі ў двары аднаго з загаворшчыкаў. У 15 гадзін яны вярнуліся ў сад ужо з сякерай. Раздзялілі кузаў таго самага “Масквіча” на дзве часткі, каб было зручней пагрузіць у культыватар і вывезці.

На наступны дзень яны зноў прыехалі, каб забраць пярэднюю частку кузава вагой 220 кілаграмаў агульнай цаной каля 50 рублёў. Заўважылі чатырохканфорачную газавую пліту цаной тры рублі, і таксама пагрузілі ў культыватар.

Усё скрадзенае прывезлі і выгрузілі ў двары аднаго з хлопцаў.

Яшчэ з аднаго суседняга дома скралі двухканфорачную газавую пліту цаной два рублі, пусты газавы балон цаной 15 рублёў, чатыры патэльні агульнай цаной дзесяць рублёў.

Пасля паехалі за задняй часткай “Масквіча”, якая каштуе 18 рублёў. Калі збіраліся вывозіць скрадзенае, іх заўважылі, хлопцаў затрымалі міліцыянеры. Агулам непаўналетнія нанеслі шкоду амаль у 120 рублёў.

На судзе абодва прызналі віну цалкам. Расказалі, што скрадзенае хацелі здаць як металалом, а грошы скарыстаць для сябе.

Адна з пацярпелых расказала, што разам з сынам прыехала прыглядзець за парадкам у бацькоўскім доме. Убачыла, што ля дома стаіць газавая пліта, балон і чатыры патэльні, а дзверы адчыненыя. Дзверы суседняга дома былі таксама ўзламаныя. Яна пазваніла ў міліцыю. Неўзабаве да дамоў пад’ехалі двое хлопцаў, якія пачалі загружаць частку аўтамабіля.

Суд прызнаў хлопцаў вінаватымі. Аднаго – у спробе зрабіць крадзеж групай людзей, другога – у тым жа з пранікненнем у жыллё. Абодва атрымалі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення свабоды на год. Аднак прызначанае пакаранне не будуць прыводзіць у дзеянне, калі хлопцы цягам года не ўчыняць новае злачынства і будуць выконваць ускладзеныя абавязкі. Таксама цягам 60 гадзін яны павінны выконваць грамадскія работы.

Хлопцы падалі апеляцыю, назваўшы прыгавор празмерна суровым. Абласны суд не задаволіў іх скаргі.