Пераважна гэта дзеці. Даведайцеся, як абараніцца ад кляшча гэтым летам.
Кляшчы — пераносчыкі некаторых небяспечных інфекцый для чалавека і жывёл.

Сярод тых кляшчоў, што жывуць у Беларусі, небяспечныя два віды –  лясны і лугавы, радзей сустракаецца тайговы. Штогод рэгіструецца больш за 40 000 пацярпелых ад прысмоктвання кляшчоў. 60% выпадкаў здараецца ў сельскай мясцовасці.

На тэрыторыі Беларусі кляшчы пераносяць дзевяць інфекцыйных захворванняў. Лідзіруе Лайм-барэліёз – больш за 1400 выпадкаў за мінулы год па краіне. У Маладзечанскім раёне летась гэты дыягназ паставілі 11 пацярпелым, сёлета ўжо чатыры жыхары захварэлі на хваробу Лайма.

Найбольш верагодная прычына высокага ўзроўню захворвання на Лайм палягае ў тым, што жыхары ігнаруюць прафілактычны прыём антыбіётыкаў пасля прысмоктвання кляшча. Толькі 2,5% гэта робяць.

На другім месцы па частаце – клешчавы энцэфаліт. Ім захварэлі 136 чалавек у краіне. Пяць з іх – праз негатаванае казінае малако. Адзін выпадак у Гродзенскай вобласці закончыўся смяротным зыходам. У Маладзечанскім раёне ў апошнія гады клешчавы энцэфаліт не рэгістравалі.

У Маладзечанскім раёне сёлета ўжо 118 пацярпелых ад прысмоктвання кляшчоў, пераважна гэта дзеці.

Па выніках лабараторных даследаванняў, у Беларусі кляшчы інфіцыраваныя Лаймам у 30,9% выпадкаў, а энцэфалітам – у 16,4%.

Акрамя гэтых хваробаў, іксодавыя кляшчы пераносяць узбуджальнікаў анаплазмозу, эрліхіёзу, рыкетсіёзу, мікст-інфекцыі. Больш за тое, кляшчы часта заражаныя адразу двума-трыма ўзбуджальнікамі.

Фота v-tagile.ru.

Як засцерагчы сябе

Каб не сапсаваць сабе адпачынак на прыродзе, загадзя прымайце меры засцярогі:

  • Памятаеце, што кляшчы жывуць у змешаных і лісцёвых лясах з густым травастоем і падлескам, а таксама ў скверах, парках, на дачных участках з высокай травой. Насуперак закаранелай думцы, яны не падаюць з дрэў;
  • Любімыя месцы прысмоктвання кляшчоў – участкі з тонкай скурай і багатым кровазабеспячэннем – падпашная, пахвінная вобласці, шыя, жывот, за вушнымі ракавінамі, валасістая частка галавы;
  • Перад тым як прысмактацца, клешч можа на працягу доўгага часу шукаць месца для прысмоктвання, таму абавязкова кожныя паўгадзіны праводзьце сама- і ўзаемаагляды;
  • Збіраючыся ў лес, паспрабуйце максімальна закрыць цела адзеннем, кашулю запраўце ў штаны, штаны – у боты. Звычайна кляшчы паўзуць уверх;
  • Адкрытыя ўчасткі цела цела і вопратку апрацоўвайце репелентнымі прэпаратамі.
  • Не ешце казінае малако без тэрмічнай апрацоўкі;
  • Не здымайце і не цісніце кляшча голымі рукамі. Калі яго раздушыць ці дакрануцца, праз мікратрэшчыны на скуры можна заразіцца хваробай.

Калі клешч прысмактаўся

  • Яго неабходна ў самыя кароткія тэрміны выдаліць, бо пагроза заражэння ўзрастае прапарцыйна часу знаходжання кляшча на целе. Пажадана зрабіць гэта ў медыцынскай установе. Дарослыя звяртаюцца ў траўматалагічны пункт бальніцы №1, дзеці да 18 гадоў – у прыёмны пакой дзіцячай бальніцы;
  • Калі такой магчымасці няма, то можна выдаліць кляшча самастойна з дапамогай баваўнянай ніткі альбо пінцэта;
  • Пасля самастойнага выдалення неабходна звярнуцца ў тэрытарыяльную паліклініку да доктара-інфекцыяніста або ўчастковага тэрапеўта ці педыятра для прызначэння прафілактычнага лячэння і далейшага назірання. Дзеці звяртаюцца да доктара-інфекцыяніста ў дзіцячую паліклініку;

Для далейшага даследавання кляшча змесціце ў флакон з вадкасцю або вільготнай ватай.

  • Бактэрыялагічнае даследаванне кляшчоў на наяўнасць узбуджальніка Лайм-барэліёзу робяць у Маладзечанскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі па адрасе: Маладзечна, вул. Чкалава, 2-а.
  • Пры неабходнасці можа праводзіцца вірусалагічнае даследаванне кляшчоў на наяўнасць віруса клешчавага энцэфаліту ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры эпідэміялогіі і мікрабіялогіі па адрасе: Мінск, вул. Філімонава, 23, корпус 1.