Пракуратура Гродзенскай вобласці распачала крымінальную справу па факце забруджвання вод ААТ “Гальшанскі крухмальны завод”. Такая інфармацыя размешчана на сайце Генпракуратуры, паведамляе БЕЛТА.
Для папярэдняга расследавання крымінальная справа накіраваная ва УСК Беларусі па Гродзенскай вобласці. У пачатку чэрвеня ў рацэ Альшанка на тэрыторыі Ашмянскага і Валожынскага раёнаў адбылася масавая гібель рыбы. Загінула больш за 12 тысяч штук рыбы, у тым ліку такія каштоўныя асобіны, як стронга і мінога.

Гэта стала вынікам паступлення ў раку неачышчаных сцёкавых водаў з ачышчальных збудаванняў ААТ.

Вынікі лабараторных даследаванняў паказалі, што крухмальны завод не выконваў патрабаванні па ахове і рацыянальным выкарыстанні водных рэсурсаў. Змест хімічных і іншых рэчываў у некалькі разоў перавышаў нарматывы гранічна дапушчальных канцэнтрацый. Смаргонская міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету ўстанавіла, што шкода, прычыненая заводам навакольнаму асяроддзю, склала каля 300 тысяч рублёў.