Конны турнір па канкуры прайшоў у Палачанах 6-8 ліпеня.
Адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы па пераадоленню перашкод імя Уладзіміра Пятрова праводзяцца другі год запар. Яны збіраюць вялікую колькасць спартыўных пар з усёй краіны.  Сёлета іх было заяўлена больш за 70. Удзельнікі з Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцей паспрабавалі свае сілы ў турніры і пазмагаліся за ганаровыя месцы.

– Мы склалі правілы так, каб усе, ад малога да вялікага, змаглі паўдзельнічаць, плюс аматары – людзі, якія трэніруюцца непрафесійна, – распавяла інструктар па верхавой яздзе і адна з арганізатараў спаборніцтваў Алена Белавус.

Каб далучыцца да турніру, удзельнікаў прасілі прынесці даведку аб стане здароўя і страхоўку, запоўніць заяўку ад арганізацыі, што адпраўляе людзей і жывёл. Коні павінны былі мець ветэрынарнае пасведчанне і пашпарт.

За турнірам сачылі ў прамым эфіры

Спартыўныя пары праходзілі розныя маршруты – ад 60 да 130 см. Акрамя вышыні, яны адрозніваліся колькасцю бар’ераў, складанасцю і хуткасцю праходжання паваротаў.

На тых маршрутах, што прасцей, ехалі дзеці да 16 гадоў, аматары і спартсмены на маладых і нявопытных конях. Самаму малодшаму ўдзельніку, Аляксандру Коўшыку, споўнілася дзесяць гадоў. Вялікія вяршыні скаралі майстры спорту і кандыдаты ў іх.

Дыплом і спецыяльны прыз самаму юнаму ўдзельніку турніра Аляксандру Коўшыку

У маршруце Гран-пры на вышыні 130 см перамагла Алена Манулік на кані Густаве. Абсалютным чэмпіёнам турніру па суме трох дзён стаў Андрэй Сцепаненка на Флорысе.

Андрэй Сцепаненка на Флорысе, абсалютны пераможца спаборніцтваў, уладальнік кубка Уладзіміра Пятрова
Алена Манулік, заняла 1 месца ў заключным конкурсе

За ўдзел коннікі атрымалі кубкі, медалі, граматы і грашовыя прызы. Колькасць пераможных месцаў стала прыемнай асаблівасцю – іх было не тры, як звычайна, а цэлых пяць.

Не толькі гледачы на трыбунах, але і ўсе неабыякавыя да коннага спорту людзі мелі магчымасць назіраць за турнірам. Праз прамыя трансляцыі ў сацыяльных сетках можна было пабачыць, як пары пераадольваюць перашкоды.

Алімпійскія маршруты ў Палачанах

– Канкур – адзін з алімпійскіх відаў коннага спорту. Гэта самая масавая дысцыпліна ў нашай краіне. Шмат аматараў і дзяцей займаецца менавіта канкурам – гэта даступна ў любым конным клубе, а яшчэ вельмі цікава, эмацыйна, відовішчна.

– У конным спорце выступае пара – чалавек і конь. На працягу доўгіх і ўпартых трэніровак наладжваецца сувязь і ўмацоўваецца кантакт. Яны разумеюць адзін аднаго з найменшага, не прыкметнага воку руху. І калі гармонія ў адносінах знойдзеная, можна ўдасканальваць спартыўныя навыкі, – падзялілася інструктар.

Турнір названы ў гонар выдатнага трэнера, да нядаўняга часу загадчыка племянной каняфермы Уладзіміра Пятрова. Ён выхаваў шмат  спартсменаў, вядомых сваімі вынікамі далёка за межамі краіны.

Калісьці трэнер прывозіў выдатных жарабцоў з розных гаспадарак для паляпшэння якасці нашчадкаў.

Граматы, медалі, разеткі і кубкі ад Уладзіміра Пятрова