Дар’я Шэйбак з гімназіі №6 заняла 7-е месца на рэспубліканскай алімпіядзе па кітайскай мове і атрымала прызавы фонд памерам у тысячу долараў.

Як трапіла на алімпіяду па кітайскай мове

У гэтым годзе Дар’і пашчасціла абараняць гонар Мінскай вобласці на абласным і заключным рэспубліканскім этапе алімпіяды. Настаўніца Ліна Сылікэ дапамагала вучаніцы рыхтавацца.

Працаваць даводзілася вельмі шмат. Не толькі падрыхтоўка, але і сам удзел у алімпіядзе быў няпросты. Сапернічаць прыйшлося з носьбітамі мовы. Многія ўдзельнікі вывучалі мову з першага класа па агульнаадукацыйнай праграме. Былі і тыя, хто вывучаў кітайскую ў Інстытуце Канфуцыя. Але ўсе цяжкасці дапамагала пераадольваць падтрымка з боку гімназіі і бацькоў.

На ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання прысутнічаў пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь спадар Цуй Цымін. Ён уручыў узнагароды 30 лаўрэатам алімпіяды.

Цырымонія праходзіла ў кітайскіх традыцыях.

– Мерапрыемствы такога маштабу аб’ядноўваюць нашы культуры. Мы становімся больш адкрытымі Кітаю, а Кітай становіцца больш адкрытым для нас, – падзялілася ўражаннямі Дар’я.

Захапленне кітайскай мовай

Выпускніца захаплялася замежнымі мовамі заўсёды. У гэтым ёй дапамагала родная школа. З першага класа вывучала англійскую, затым наведвала факультатывы па польскай, французскай, іспанскай мовах. Самастойна пачала вучыць японскую. Калі ў гімназію прыйшоў настаўнік Валянцін Васільевіч Івашанка, дзяўчына захапілася кітайскай мовай і культурай. Дар’я вывучае яе ўжо на працягу чатырох гадоў.

Першы год дзяўчына займалася толькі з Валянцінам Васільевічам. Далей на працягу трох гадоў выкладчыкамі былі валанцёры з Інстытута Канфуцыя. Вучні паспявалі пасябраваць з імі так, што кожны год усе расставаліся са слязамі на вачах.

Цяпер Даша марыць асвоіць кітайскую медыцыну і з’ездзіць у Кітай.

Развіццё мовы Кітая ў гімназіі

Многія дзеці з розных школ горада зацікавіліся кітайскай мовай. Больш за 150 вучняў сталі наведваць факультатывы, якія праводзілі ў гімназіі №6. У гімназіі ладзяць мерапрыемствы, прысвечаныя вывучэнню культуры Кітая, традыцый і свят. Асаблівую цікавасць вучняў і іх бацькоў выклікала «Свята Кітая». Сумесна з валанцёрамі вучні арганізоўвалі цырымоніі чаявання, рыхтавалі стравы нацыянальнай кухні Кітая. Дзеці нават знайшлі перапляценне кітайскай і беларускай культур падчас стварэння папяровых вырабаў да навагодняга свята – тэхніка і сутнасць працэсу падобная да беларускай выцінанкі.

Дар’я прызналася: калі пачала вывучаць кітайскую мову, нават не думала аб яе сённяшняй прэстыжнасці. Яна была цікавая як цалкам іншая, не падобная на ўсе еўрапейскія мовы.

– Я люблю ў кітайскай мове ўсё: ад лексічнага значэння і іерогліфа да цэлых сказаў. Падабаюцца эпітэты, метафары… Вылучыць нешта адно немагчыма, – кажа выпускніца.

Дзяўчына плануе атрымаць медыцынскую адукацыю. Яна хоча асвоіць кітайскую медыцыну. Адна з галоўных мар Дар’і – падарожжа ў  Кітай. Яна хоча не толькі папрактыкавацца ў мове, але і ўбачыць усю прыгажосць Кітая на свае вочы. Асабліва самыя знакамітыя славутасці: Вялікую кітайскую сцяну, Палац імператара, возера Ханьчжоў, горы ў правінцыі Анхой.