Фільм пачалі здымаць у Маскве. Пасля паехалі па Беларусі. Турэц-Баяры – не першы прыпынак на шляху здымачнай групы. У Мазыры, Мінску, Слуцку ўжо зробленыя неабходныя кадры.

У галоўных ролях – знакамітыя акцёры. У Турэц-Баярах здымалі Дзмітрыя Ульянава, Ігара Пятрэнка, Аляксандра Ільіна-малодшага.

Рэжысёр “Чарнобыля” Аляксей Мурадаў распавёў, што ідэя фільма з’явілася ў галоўнага прадюсара праекта – Андрэя Феафанава. Той прапанаваў серыял каналам. НТБ згадзіўся.

–  Мы стараемся перадаць атмасферу тых часоў. У Беларусі даўно працавалі кастынг-дырэктары, шукалі твары, тыпажы, узрост, пол. Вялася вялікая работа, – распавядае рэжысёр.

Аляксей Мурадаў – рэжысёр, прадзюсар, сцэнарыст, аўтар мастацкіх і дакументальных фільмаў. Аўтар і рэжысёр шэрагу рэкламных і музычных кліпаў. Сярод яго фільмаў – “Чарвяк”, “Жукаў”, “Начныя сёстры”, “Чалавек вайны”, “Двое пад дажджом”, “Уласік. Цень Сталіна”, “Каця. Працяг” , “Цячэ рака Волга”.

У кастынгах на масоўку паўдзельнічалі некалькі сотняў чалавек. Ім прапанавалі ганарар і аплацілі ежу.

Дарэчы, акцёраў на гэтыя ролі адбіралі праз суполкі ў сацыяльных сетках. Штодзённа абвяшчалі, колькі патрэбна чалавек. Каб трапіць на пляцоўку, трэба было назваць узрост, нумар тэлефона, рост, памер абутку і адзення, таксама даслаць фота. Не дапускалі дзяўчын з нарошчанымі пазногцямі і вейкамі.

– На ролю міліцыянераў шукалі мужчын без шчаціння. Прадстаўнік закона павінен быць гладка паголеным. Калі сам граю міліцыянераў, ваенных, нават бандытаў, часта галюся прама на пляцоўцы, – распавёў Аляксандр Мантурэвіч, брыгадзір па масоўцы ў “Чарнобылі”.

— Акцёры, якія запісаліся на масавыя сцэны, часта не прыходзяць. Калі-некалі абыходзімся тымі, што з’явіліся, можам узяць людзей з вуліцы, нават самі граем. Практычна ўся наша група здымаецца ў кіно — ад буфетчыкаў да асістэнтаў па акцёрам, — падзяліўся Аляксандр Мантурэвіч.

Адказны па акцёрах другога плана ў карціне “Чарнобыль” – Віталь Кулікоўскі – дзеля фільма ездзіў у Маскву. Менавіта ён дамовіўся, каб серыял здымалі разам з мінскім кастынгавым агенствам.

Зацікаўленым мясцовым жыхарам у любы час зручна паглядзець “жывы тэлевізар”.

У Турэц-Баярах здымалі і сцэну эвакуацыі мясцовага насельніцтва, і Прыпяць праз паўгады пасля аварыі.

Фільм выйдзе на экраны ў 2019 годзе.