Улады патлумачылі, чаму за электраэнергію людзі павінны плаціць больш, чым прадпрыемствы.
Пасля таго як АЭС пачне працаваць, у нас з’явіцца вельмі шмат электраэнергіі, якую трэба будзе выкарыстоўваць ўнутры краіны ці адпраўляць на экспарт. І пакуль разумныя людзі думаюць, як гэта зрабіць, насельніцтва спадзяецца, што за святло мы пачнем плаціць менш.
Але чыноўнікі кажуць, дарма спадзяемся. Льгот на электрычнасць не будзе. Ні ў жыхароў Астравецкага раёна, ні ў астатніх беларусаў.
– Прэферэнцыі плануюцца для рэальнага сектара эканомікі, які моцна перагружаны. Да прыкладу, два аўтамабільных гіганта – беларускі МАЗ і расійскі КамАЗ, якія працуюць на адных і тых жа еўразійскіх рынках, купляюць электраэнергію па розным кошце: МАЗ плаціць 11 цэнтаў за кілават-гадзіну, а КамАЗ – чатыры з паловай. Думаю, не варта тлумачыць, чыя прадукцыя будзе больш канкурэнтаздольная на рынку? І гэта тычыцца не толькі гэтых прадпрыемстваў, – распавёў у інтэрв’ю газеце “Астравецкая праўда” намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка.
Таксама чыноўнік патлумачыў, што Беларусі трэба паступова адыходзіць ад перакрыжаванага субсідзіравання. І зрабіць, як на Захадзе, дзе насельніцтва плаціць за электрычнасць у 2-3 разы больш, чым прамысловыя прадпрыемствы.
– Напрыклад, у Германіі каля васьмі з паловай цэнта за кілават-гадзіну плаціць прамысловы вытворца, а насельніцтва – каля 27 цэнтаў. А ў нас наадварот: 11,5 цэнта плаціць той жа МАЗ, а прыватныя спажыўцы – каля пяці цэнтаў. Таму тарыф для насельніцтва паступова будзе падымацца – вядома, не абы-як, а па меры росту рэальнай заработнай платы. Людзі павінны аплачваць рэальны кошт гэтага кілават-гадзіны – сёння ж насельніцтва аплачвае каля 80% ад сабекошту электраэнергіі, газу – і таго менш: каля 43%.
Праўда, ці патаннеюць пасля аднаўлення справядлівасці з тарыфамі беларускія тавары, Уладзімір Сямашка не сказаў. Бо калі прадпрыемствы стануць менш марнаваць грошай на электрычнасць, тэарэтычна знізіцца і сабекошт прадукцыі. Але намеснік прэм’ер-міністра запэўніў, што, калі прадпрыемствы пачнуць плаціць менш, а людзі – больш, выйграюць у канчатковым выніку людзі.
– Бо калі прадпрыемства будзе працаваць эфектыўна, укараняць новыя тэхналогіі, прадаваць прадукцыю на экспарт – тады і ў людзей будзе годны заробак. А рост дабрабыту чалавека заўсёды быў у прыярытэце нашай дзяржаўнай палітыкі, – сказаў Уладзімір Сямашка.