Карціна мае працоўную назву “Пакуль будзе неба”. Яна адлюстроўвае лёс народнага паэта Беларусі. Кінапраекту прысвоілі статус “нацыянальнага фільма”.


У драме пакажуць асноўныя вехі жыццёвага і творчага шляху Купалы, які супаў з найбольш трагічнымі падзеямі 20 стагоддзя.

– Мяркуюць, што дарослага Купалу сыграюць два акцёры. Купала ў юнацтве –  яго, так бы мовіць, “свядомыя” 20 гадоў, і ён у апошнія дні жыцця. У чалавека пасля першай спробы самагубства адбыліся страшныя ўнутраныя змены. І замест радасці за краіну, за сваю творчасць пачаўся перыяд заняпаду. Адзін чалавек нават з добрым пластычных грымам не зможа такое перадаць. Немагчыма прыбраць гарэнне вачэй, – распавяла Ірына Філіпава, дырэктар здымачнай групы.

Цяпер гэтую пару акцёраў падбіраюць.

Здымкі пачалі ў Смалявічах. Прыродныя замалёўкі – залатыя палі – будуць здымаць у вёсцы Крылова Гаранскага сельсавета, што на Міншчыне. Траецкае прадмесце ператвораць у Вільна, дзе жыў Купала.

Рэжысёр-пастаноўшчык – Уладзімір Янкоўскі. На яго ліку такія карціны як “Марш-кідок: паляванне на “Паляўнічага”, “Грамадзянін Ніхто”, “Фамільныя каштоўнасці”, “Аддзел “С.С.С.Р”. Аўтар сцэнарыя – Алёна Калюнова. Плануюць зняць чатыры серыі ігравога фільма і стварыць кінаверсію.