“Родная” столь набытага дома была складзеная са старой чырвонай цэглы, да таго ж няроўна, а ў выглядзе невялікіх арак.

Незвычайнай аказалася і падлога. Калі яе пачалі разбіраць, не адразу змаглі выцягнуць вялікія каваныя цвікі, якім дакладна не два і не тры дзесяцігоддзі.

Крэйнісы, а асабліва іх дачка Арына, зацікавіліся гісторыяй дома.  А раптам звычайная на першы погляд будыніна ў цэнтры Валожына неяк звязаная з родам Тышкевічаў, прадстаўнікі якога ад 1803 года валодалі мястэчкам?

Новыя гаспадары звярнуліся ў мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей, БТІ, да суседзяў, былых гаспадароў дома. У БТІ паведамілі, што як жылая пабудова дом пачаў выкарыстоўвацца адносна нядаўна – у пачатку 1980-х гадоў. Да Крэйнісаў тут паспела пажыць настаўніца адной з валожынскіх школ, а таксама сям’я мясцовых журналістаў. Але былыя гаспадары нічога пра гісторыю дома не ведалі.

Зусім выпадкова дапамог сусед сталага веку. Да Другой сусветнай вайны ў Валожыне, як і шматлікіх беларускіх мястэчках, жыло шмат гандляроў-яўрэяў. Як распавёў Крэйнісам новы сусед, менавіта ў цэнтры горада былі склады яўрэйскіх дзялкоў, па-сучаснаму, прадпрымальнікаў.

У доме, які набылі Крэйнісы, быў склад збожжа. І бацька суседа да вайны працаваў там вартаўніком.

Гіпотэзу пра стары збожжавы склад пацвердзіла яшчэ адна знаходка. У сцяне паміж двума вокнамі Алена з Ігарам заўважылі нешта падобнае да каміна з арачнай кладкай. Сталі шукаць комін, куды павінны быў выходзіць дым, але не знайшлі.

Калі сцяну разгледзелі лепш, аказалася, што ў ёй дзверцы. Верагодна для загрузкі або выгрузкі збожжа.

Сям’я лічыць, што даведацца атрымалася пакуль няшмат, і пошукі не спыняе. З новымі адкрыццямі абяцалі дзяліцца з “Рэгіянальнай газетай”.