Апошні паход быў 46-м па ліку. У ім удзельнічалі дзеці з маладзечанскага і вілейскага раёнаў.

–  Звычайна мы ідзём 30-35 кіламетраў пешшу. У апошнія гады наведваем Вілейскае вадасховішча, але калі-некалі мяняем маршрут. За дзень прыходзім на месца, ставім палаткі і пачынаем трэніроўкі. Гэта доўжыцца шэсць дзён. Затым вяртаемся дадому, –  расказвае трэнер клуба Сяргей Панцюхоў.

Ходзяць толькі ўлетку. Кантынгент мяняецца, сярэдні ўзрост дзяцей –  10-12 гадоў. Самаму маленькаму ў другім паходзе было шэсць гадоў. Сяргей прызнаецца, што стараецца не браць такіх маленькіх – ім цяжка.

–  Раней я вадзіў усіх, хто хоча, але прыйшоў да высновы – калі браць без разбору, пачынаецца глупства. Палова ўцякае, нехта просіць маці іх забраць. У апошнія гады дзяўчынак і хлопчыкаў звычайна ходзіць аднолькавая колькасць, –  распавядае трэнер.

Іншым разам дзеці ідуць у паход без падрыхтоўкі. У другім былі дзяўчынкі-блізняткі – 9-гадовыя Віялета і Ангеліна Аборскія. Але яны не плакалі і дадому не прасіліся.

У кожным паходзе сёлета было па 14 дзяцей. У першы хадзілі афіцыйна ад аддзелу спорту, атрымалі фінансаванне. Другі аплачвалі самастойна.

Ангеліна Аборская з бультэр’ерам Оклі. Фота забяспечана Сяргеем Панцюховым.

Чым дзеці займаюцца ў паходзе

Графік трэніровак насычаны. Адразу пасля абуджэння яны бягуць крос – звычайна сем-восем кіламетраў. Потым паўтары гадзіны адпачываюць і ідуць на трэніроўку. Яна доўжыцца прыкладна столькі ж. Пасля вольнага часу ізноў трэніроўка – ужо гульнявая. Трэцяя адбываецца ўвечары. Акрамя гэтага раз за паход праходзіць марш-кідок.

– Цікавая рэч. Бяжым па лесе, па балоце, па кустах, па шыю ў брудзе. Хто адзін раз бегаў, больш не хоча. Адзін паход па колькасці трэніровак параўнальны прыкладна з двума месяцамі працы ў зале. Тыя, хто схадзіў хоць раз, падымаецца на спартыўнай лесвіцы на прыступку. Хлопцы становяцца ўпэўненымі. Некалі дзяліліся са мной, маўляў, пайшлі ў школу пасля паходу і распавялі, што вытрымалі 30 кіламетраў. Аднакласнікі не верылі, казалі, гэта немагчыма, –смяецца Сяргей

Ідэя паходаў дасталася ў спадчыну

Бацька Сяргея таксама быў трэнерам, займаўся з дзецьмі боксам, пасля кікбоксінгам і ўшу. Таксама вёў турызм. Лепшых навучэнцаў вадзіў нават у Карпаты. Сяргей перахапіў ідэю ад бацькі. Сам першы раз апынуўся ў паходзе ў пяць гадоў. Давялося дзесяць кіламетраў ісці да Вілейскага вадасховішча.

– Асабіста я хаджу з дзецьмі ў паходы ад 1999 года. Раней мы наведвалі Беражок, што ў Вілейскім раёне. Аднойчы паехалі на роварах на Свірскія азёры. Але не спадабалася: і мясціны незнаёмыя, і далёка, і ўвесь час нешта ламалася. Таму зараз толькі пешшу. Наогул, часам трапляюцца прыгожыя месцы, якія для трэніровак нязручныя.

У першых паходах прыходзілася цяжка. Нават за вадой ішлі тры-чатыры кіламетры ў вёску, да калодзежа. Спачатку цягалі яе ў вёдрах, потым – на тачцы. Цяпер ваду прывозяць на машынах.

Звычайна да пахода далучаюцца бацькі. Некаторыя з’язджаюць працаваць і вяртаюцца штодня. Ім падабаецца самім. Часам ходзяць трэнеры іншых дзіцячых калектываў.

– Цяпер наогул класна, я купіў генератар, можна зарадзіць тэлефоны і відэакамеру, на якую я здымаю трэніроўкі. Досыць цікава паглядзець на сябе дзесяцігадовай даўніны, – смяецца трэнер. – Хоць мабільнікі ёсць не ва ўсіх – бацькі натуральна не дазваляюць іх браць. Дзіця можа адпрацаваць раўнд, кінуць пальчаткі і пабегчы да мабільніка, каб пагуляць.

Падчас паходу дзеці трэніруюцца. Фота забяспечана Сяргеем Панцюховым.

Што трэба браць у паход

Спіс рэчаў, якія трэба браць у паход, аб’ёмны. Але дзеці нясуць толькі неабходнае –  вопратку, прадукты. Астатняе –  палаткі, турыстычныя дыванкі, спальныя мяшкі –  загадзя завозяць на машыне.

Калі вы сам-насам  вырашылі пайсці ў паход, у першую чаргу патрэбна ўзяць карту і загадзя прадумаць маршрут. Па-другое, назапасіць зручнага адзення і разношанага абутку. З абсталявання неабходныя палатка,  спальны мяшок, турыстычны дыванок, каб не змерзнуць. Сяргей распавёў, што аднойчы ўлетку яму давялося больш за месяц жыць у спальніку.

А яшчэ патрэбна рыдлёўка – вогнішча робяць у яме. Палатка можа падцякаць знізу, яе рэкамендуюць абкапаць па перыметры. Калі гэтага не зрабіць, затопіць усіх, папярэджвае трэнер. Вядома, трэба падумаць пра ежу і ваду.

– Мы бралі тушонку, хлеб, батон, муку, макарону, цукар, соль, гародніну. Нават бліны рабілі. Канешне, неслі посуд – кацялок, кубкі, лыжкі, – дзеліцца досведам трэнер.

Патрэбныя стойкі для вогнішча – на іх вешаюць кацялок, запалкі, каб развесці агонь. Нашы турысты даўно сабе зварылі такія стойкі. Пажадана мець тэнт, які нацягваюць над вогнішчам.

У аптэчку абавязкова павінны ўваходзіць бінт, вата, ёд, градуснік, пластыр, актываваны вугаль і жгут.

Сабака – надзейны ахоўнік

– Прыкладна чатыры гады запар з намі ездзіць бультэр’ер Оклі, сабака нашых навучэнцаў. Бяром яго на ўсялякі выпадак, ці мала хто прыйдзе, – распавядае Сяргей, – а так надзейная ахова, хоць і байцоўская, але добрая. Наогул, на Вілейскім шмат жывых істотаў. Сёлета бачылі вожыкаў, казуль, бабры плаваюць, андатры, птушак шмат. У мінулым годзе сустракалі ласёў і кабаноў. Даведаліся, што аднаму лебедзю можна скарміць цэлы бохан хлеба.