Першыя намёты ў лесе ля Нясцёрак з’явіліся 16 ліпеня. Менавіта тады вілейская суполка Таварыства аховы помнікаў імя Аляксея Лужынскага разбіла тут археалагічны летнік. На беразе Вілейскага вадасховішча ён прастаяў да  20 ліпеня.

“Ніколі не адгадаеш, курган гэта ці не, пакуль яго не раскапаеш”

Першае, што бачылі ўдзельнікі экспедыцыі – некалькі ўзгоркаў сярод лесу, парослых імхом і дрэвамі. Перад пачаткам раскопак навукоўцы меркавалі, што гэта крывіцкія курганы, якія з’явіліся ў канцы 1 – пачатку 2 тысячагоддзя нашай эры. Для таго, каб праверыць, ці праўда гэта і ці засталося нешта ад старажытных пахаванняў, і з’явіўся археалагічны летнік.

Ужо ў першыя дні раскопак у навукоўцаў узніклі сумневы ў тым, ці сапраўды ўзгоркі можна назваць курганамі. Праз некалькі дзён даследаванняў меркаванне было ўжо адзінагалоснае – пад Нясцёркамі знаходзяцца не курганы, а звычайныя ўзгоркі прыроднага ўтварэння.

– У археалогіі такое бывае: пакуль не зазірнеш пад слой зямлі, дакладна не скажаш, якога паходжання ўзгоркі, – кажа навуковы кіраўнік летніка, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Мікалай Плавінскі. – Пасля таго, як мы скончылі даследаваць Нясцёркі, вырашылі перавезці летнік на Мядзельшчыну, у Наўры. Гэта больш перспектыўнае месца, дзе ўжо былі экспедыцыі і раскопкі.

Увечары 20 ліпеня арганізатары летніка і валанцёры ўжо ставілі намёты на Мядзельшчыне. Летнік, арганізаваны вілейскай суполкай ТАП, працягнецца тут да канца месяца. Ад пачатку жніўня ў Наўрах запрацуе наступны летнік, таксама пад кіраўніцтвам Мікалая Плавінскага.

Мы ж наведаліся ў летнік яшчэ тады, калі ён пачынаў працу ў Нясцёрках, каб адчуць на сабе атмасферу раскопак.

“Спадзяванні для археолага – так сабе занятак”

– Раскопкі на Мядзельшчыне і Вілейшчыне я праводжу з 2012 года, – распавядае Мікалай Плавінскі. – У Наўрах у нас стацыянарная экспедыцыя. А ў Нясцёрках мы першы раз. На нейкі час гэты летнік стаў базай для даследаванняў на тэрыторыі Вілейскага раёна.

Некаторыя курганныя могільнікі ў рэгіёне ўжо былі даследаваныя – напрыклад, Сосенкі і Кастыкі ў Вілейскім раёне. Першыя даследаванні там пачаліся яшчэ ў сярэдзіне 19 стагоддзя падчас экспедыцый Канстанціна Тышкевіча па Віліі. Але шмат яшчэ тых, да якіх археолагі не дабраліся.

Вілейскі бард Алесь Наркевіч спрабуе сябе ў ролі археолага ў Наўрах. Фота Паўла Хаванскага.

– Новыя помнікі – гэта заўжды цікава, – падсумоўвае археолаг.  – Ці ёсць нейкія спадзяванні наконт гэтага летніка? Агулам спадзяванні для археолага – гэта так сабе занятак. Адзінае наша спадзяванне – што не будзе хаця б два тыдні дажджу.

На месцы раскопак збольшага пануе цішыня. Валанцёры засяроджана працуюць рыдлёўкамі. Курганы падзеленыя на ўчасткі, на кожным з якіх працуе група валанцёраў.

− Трэба асцярожна здымаць рыдлёўкай слой за слоем зямлі, − тлумачыць Вікторыя Макоўская, і пры гэтым спрытна адкідвае рыдлёўкай кавалак зямлі. Дзяўчына прыехала на раскопкі з Мінска. – Калі раптам мы заўважым нешта незвычайнае, то паклічам археолагаў і разам вырашым, што рабіць далей. Але тут, у Нясцёрках, такіх сітуацый не было.

Частка валанцёраў – гэта студэнты ці выпускнікі археалагічных факультэтаў.

– Мы прыехалі на раскопкі з Мінска, – кажа Васіль Васільеў. – Вось капаем курган. Тут павінна быць пахаванне. Хаця не ведаю, каму яно што павінна, але мы спадзяёмся яго знайсці.

Аднак не ўсе ўдзельнікі раскопак падзяляюць такі аптымізм.

– Не ведаю, ці адкапаем мы што, – кажа Лёша Астрэлін з Вілейкі. – Ля маёй вёскі археолагі таксама раскопвалі курганы і нічога не знайшлі. Гэта было паміж Заазер’ем, Любоўшамі і Ляскамі.

Нягледзячы на розныя спадзяванні, валанцёры працягваюць працу. Асноўная работы ідуць да абеду. Пасля яго ахвотныя зноў вяртаюцца на раскопкі.

“Костак я не баюся, а вось чарапоў – так!”

У першыя пяць дзён летніка да валанцёраў далучыліся дзяўчаты і хлопцы з турысцкага клуба “Чарапашкі”. Пад наглядам кіраўніка, турыста і краязнаўцы Міхася Петуха яны ўдзельнічалі і ў раскопках, і ў прыгатаванні абедаў для ўсёй групы.

− Мяне мама не баіцца ў такія паходы адпраўляць, яна добра ведае нашага кіраўніка, − кажа Паліна Капцюг. У свае 11 гадоў яна адна з самых малодшых удзельнікаў раскопак. – Тым больш раней мы і на дзевяць дзён хадзілі, так што пяць – гэта няшмат.

Аляксей Сюдак (першы злева) кіруе прыгатаваннем абеду ў Нясцёрках. Фота Аляксандры Парахні.

Дзеці занятыя цэлы дзень: чысцяць бульбу або наразаюць гародніну для салатаў, мыюць посуд або збіраюць смецце. У хвіліны адпачынку паляна летніка ператвараецца ў акрабатычную арэну: тут і сядаюць на шпагаты, і становяцца ў мосцік, і робяць перавароты, − хто што ўмее. Засумаваць не дае і валейбольны мяч, які рэгулярна падае ў лужыны, а часам і ў талеркі тых, хто абедае побач.

Цікава, што цягам дня не даводзіцца пабачыць ніводнага дзіцяняці, хто б бавіў час з тэлефонам у руках. Затое даводзіцца пабачыць шмат фіялетавых зубоў і пальцаў − для юных удзельнікаў экспедыцыі гэта абавязковая дэталь выгляду. Хто ж устаіць перад чарнічнікам, які раскінуўся недалёка ад летніка!

А кіраўнік не ўпускае моманту, каб навучыць сваіх гадаванцаў нечаму новаму.

− Вы навошта вадкасць для мыцця посуду бераце? Хіба соды няма? – звяртаецца Міхась Петух да хлопцаў, якія сабраліся мыць талеркі пасля абеду. – Нельга, каб вада з мыйным сродкам трапіла ў раку, “хімія” там не раскладзецца і даплыве аж да Балтыкі. Бярыце соду, яна цудоўна ўсё адмые!

Акрамя гаспадарчых спраў, хлопцы і дзяўчаты спрабуюць сябе на раскопках.

− Мне вельмі спадабалася працаваць маленькай рыдлёўкай, якую мне далі, − кажа Паліна. – Пасля абеду абавязкова зноў пайду на раскопкі.

На пытанне, ці не баіцца яна раптам адкапаць чалавечыя парэшткі, дзяўчынка ўпэўнена адказвае:

− Не, касцей я не баюся. Хаця… калі б гэта быў чэрап, то я спужалася б. І паклікала б дарослых адразу.

“Беларускіх кляшчоў не параўнаць з аўстралійскімі!”

У тыя дні, калі летнік яшчэ стаяў у Нясцёрках, раскопкі наведалі замежныя студэнты. Міхал з Польшчы, Дзін з Аўстраліі і Селім з Турцыі прыехалі ў адну з моўных школ Мінска, каб вучыць рускую мову. Свой вольны час хлопцы бавяць з карысцю: падчас паездак па Беларусі і вывучаюць краіну, і практыкуюцца ў рускай мове.

− Хлеб, сыр, колбаса, огурец, вода, − пералічвае ўсё, што бачыць на стале Селім. Для яго гэта новыя словы. – Чай. Очень вкусный чай! – дадае ён, пакаштаваўшы чай, завараны ў вядры над кастром.

І хоць выезд на прыроду супаў з моцнымі дажджамі, гэта не сапсавала ўражанні гасцей ад летніка.

Хвілінка крэатыву ад Віталя Назарэвіча. Фота Паўля Хаванскага.

− Тут вельмі цікава, я сустрэў у Нясцёрках шмат добрых людзей, − кажа Міхал, які прыехаў у Беларусь з-пад Ольштына. – Тут толькі мы, цішыня і прырода. Мне падабаецца.

− Цікава было паспрабаваць сябе ў ролі “чалавека з рыдлёўкай”, − дадае выкладчыца рускай мовы Ніна Маркоўская, якая прыехала разам са сваімі вучнямі. – Здорава бачыць зацікаўленых людзей, у тым ліку дзяцей! Відаць, што ў летніка добрая арганізацыя.

Перад паездкай у лес замежнікі атрымалі грунтоўны інструктаж, асабліва наконт небяспекі змей і кляшчоў. Аднак для аўстралійца Дзіна яны гучалі зусім не страшна.

− У нас у Аўстраліі ёсць кенгурыныя кляшчы. Яны вельмі вялікія і могуць кусаць чалавека. Вось гэта сапраўды страшна! Вашы беларускія з імі не параўнаюцца, − кажа хлопец.

Госці правялі ў Нясцёрках цэлы дзень і паспелі знайсці агульную мову з валанцёрамі. Дакладней, некалькі моў: замежнікі не толькі даведваліся новыя рускія словы, але вучылі беларусаў англійскай і польскай. І словы  “thank you” ад Паліны на развітанне з Дзінам якраз пацвердзілі, што дзень для ўсіх прайшоў з карысцю.

Тым часам археалагічны летнік, цяпер ужо ў Наўрах, будзе стаяць і ў жніўні, таму далучыцца да яго хоць на адзін дзень можа любы ахвотны. Добрая кампанія, новы досвед, навыкі археолага, смачныя абеды і цудоўная прырода навокал вам гарантаваныя, праверана на сабе!

P.S. − Збіраючыся ў лес – на археалагічныя раскопкі ці проста па грыбы, – не забывайся аб правільным адзенні і бяспечных паводзінах. Як паказвае досвед карэспандэнткі “РГ”, кляшча можна прывезці на сабе нават тады, калі прыязджаеш у лес, каб падрыхтаваць матэрыял. Усё скончылася добра: вілейскі клешч быў паспяхова абясшкоджаны ў шпіталі, а карэспандэнтка вярнулася да напісання тэксту. Аднак не паўтарайце нашых памылак, беражыце сябе!