Падчас археалагічных раскопак каля Гальшанаў знайшлі дом дружынніка X стагоддзя, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік экспедыцыі, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Павел Кенька.
Каля Гальшанаў знаходзіцца комплекс археалагічных помнікаў, які ўключае гарадзішча, селішча і тры курганныя групы. Мястэчка Гальшаны ўпершыню згадваецца ў “Хроніцы Быхаўца”.

“У гэтым годзе падчас раскопак удалося знайсці жылую пабудову X стагоддзя. Яна ўяўляе сабой два ланцужкі падмурка з буйных валуноў, печ-каменку, агмень для падрыхтоўкі ежы, а таксама канструкцыю з буйных плоскіх камянёў, прызначэнне якой яшчэ трэба будзе высветліць”, – сказаў Павел Кенька.

Такія пабудовы сустракаліся ў найбольш важных цэнтрах беларускага і літоўскага Панямоння (Ваўкавыску, Крэве, Навагрудку, Вільні).

У пабудове знайшлі прадметы, якія датуюцца X стагоддзем: паясныя  накладкі на дружынны пояс з Волжскай Булгарыі, фрагмент наканечніка ножан мяча са Скандынавіі, фрагмент срэбнага дырхемы, адчаканенай ў Арабскім халіфаце, гірка для ўзважвання срэбра, фрагмент бранзалета і гузік на кафтан з Кіева.

Гэты набор артэфактаў ўяўляе сабой рэчы дружынніка, якія маюць як паўночнае (скандынаўскае), так і паўднёвае (Хазарскі-вугорскае) паходжанне і якія адлюстроўваюць моду таго часу. Ад 2007 года ў Гальшанах штогод працуе археалагічная экспедыцыя Інстытут гісторыі НАН Беларусі. У даследаваннях прымаюць удзел школьнікі з гістарычнага лагера “Кентаўры” .