Прысуд – 50 базавых велічынь штрафу (1225 рублёў) і кампенсацыя маральнай шкоды ў карысць пацярпелай у памеры 1000 рублёў.

Дзяржаўнае абвінавачанне ў судзе падтрымлівала памочнік пракурора Валожынскага раёна Надзея Радзевіч. Яна расказала карэспандэнту МЛЫН.BY:

– Абедзве жанчыны – пенсіянеркі. Жывуць у Мінску. Памерлага мужа ўдава пахавала на могілках каля вёскі Кіявец Валожынскага раёна. Але сястра нябожчыка была супраць яго пахавання ў гэтым месцы і праз нейкі час перапахавалі брата на тым жа могілках, але каля магілаў іх бацькі і маці. Канфлікт паміж жанчынамі адбыўся ў маі каля новай магілы мужчыны, калі яго сястра там займалася уборкай.

Па словах Надзеі Радзевіч, удава пагражала залвіцы сякерай. Кідалася з ломам, малатком. Крычала: «Заб’ю і адседжу». Людзі, якія ў гэты час прысутнічалі на могілках, забралі ў жанчыны сякеру, а яна выклікала міліцыю.

Валожынскі раённы аддзел Следчага камітэта расследаваў справу па артыкуле «Пагроза забойствам, калі меліся падставы баяцца яе ажыццяўлення».

Злачынства караецца штрафам або выпраўленчымі работамі на тэрмін да аднаго года, або арыштам на тэрмін да трох месяцаў.

Надзея Радзевіч адзначыла, што на судовым пасяджэнні ўдава не пагадзілася з абвінавачваннем у тым, што збіралася кагосьці забіць. Аднак не адмаўляла, што кідалася з ломам і малатком. Праўда, па словах абвінавачванай, рабіла яна гэта ў адплату двум рабочым могілак, якія, як яна лічыць, перапахавалі нябожчыка мужа па просьбе яе залвіцы.

У судзе дапыталі брата нябожчыка. Ён даў характарыстыку і абвінавачванай, і пацярпелай. Мужчына распавёў пра запальчывы характар ўдавы і пра тое, што “баявыя” паводзіны для яе – норма.

Суд улічыў сабраныя па справе доказы, паказанні сведак і вынес свой вердыкт.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу. Ён можа быць абскарджаны і апратэставаны ў Мінскім абласным судзе ва ўстаноўленым парадку.