–Вырашылі адпачыць ад будзённай мітусні і сезону закатак, – распавядае Таццяна Радзевіч з Вілейкі. – З сям’ёй паехалі на вадасховішча да вёскі Рабунь. – Рэзкі парыў ветру і дождж прагнаў нас з пляжа разам з іншымі адпачывальнікамі.

Калі сям’я ўжо ехала ў бок Вілейкі, на аўтамабільную дарогу проста перад вачыма кіроўцы ад ветру звалілася дрэва.

– Было так страшна. Моцны вецер. Шмат машын з абодвух бакоў, – прыгадвае жанчына падзеі ўчарашняга дня.

Бацькі, Таццяна і Сяргей, вельмі хваляваліся за дачку, сямігадовую Алісу. Было бачна, што дзяўчынка спалохалася.

Сям’я аказалася ў своеасаблівай прыроднай пастцы.

Раптам з белага мікрааўтобуса, што стаяў перад машынай Радзевічаў, выйшаў мужчына з бензапілой і распілаваў дрэва, вызваліўшы дарогу.

– Мы нават не ведаем, як яго звалі, – распавяла Таццяна Радзевіч карэспандэнту “Рэгіянальнай газеты”. – Відаць, такі самы адпачывальнік, як і мы. Наша сям’я вельмі ўдзячная гэтаму незнаёмцу.