Ад сёмага да 30 жніўня выставу жывапісу вілейскага мастака можна будзе пабачыць у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь па адрасе: Мінск, вуліца Карла Маркса, 12.
На выставе “Радзіма. Рэканструкцыя” мастак прадставіць 32 працы. Сярод іх як творы, напісаныя нядаўна, так і раннія карціны аўтара. Тыя працы, якімі я займаюся ўсё сваё творчае жыццё, кажа мастак.

– Пачну з першаснага – свайго “Ноевага каўчэга”, расповяду пра людзей, якіх я ведаю і паважаю. На карцінах будзе маё ўспрыманне малой радзімы, – распавёў “Рэгіянальнай газеце” Эдуард Мацюшонак. – Наведнікі пабачаць гербы знакамітых шляхецкіх радоў, будынкі, партрэты. Будуць творы, прысвечаныя прадстаўнікам Вілейшчыны – Багдановічам, Козелам-Паклеўскім, Любанскім. 

“Радзіма. Рэканструкцыя” – чацвёртая выстава мастака ў сталіцы. У Нацыянальным гістарычны музеі – першая.

– Калі мне патэлефанаваў дырэктар музея Павел Сапоцька і прапанаваў выставіцца, я адразу пагадзіўся, – падзяліўся Эдуард Мацюшонак. – Гэта якраз тыя працы, прадстаўленне якіх будзе вельмі дарэчы менавіта ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.