Пажар здарыўся ў вёсцы Валодзькі Свірскага сельсавета на Мядзельшчыне 2 жніўня.
Гаспадар паведаміў выратавальнікам пра тое, што гарыць яго дом.

Калі спецыялісты апынуліся на месцы, убачылі, што гарыць не толькі дом, а яшчэ тры хлявы. Усе будынкі былі пад адным дахам.

– 23-гадовы гаспадар вельмі позна звярнуўся да выратавальнікаў, – распавяла “Рэгіянальнай газеце” інспектар групы прапаганды і агітацыі Мядзельскага РАНС Ірына Карапецян. – Убачыўшы пажар ва ўласным доме, ён яшчэ доўга бегаў па вёсцы і пытаўся, куды трэба тэлефанаваць.

Да таго ж, па словах мужчыны, ён паадчыняў усе вокны і дзверы. У памяшканне трапіла шмат паветра, і гарэнне ўзмацнілася.

– Гаспадару варта было, адчыніўшы дзверы і пабачыўшы пажар, хуценька зачыніць іх, – кажа Ірына.

У выніку здарэння тры хлявы згарэлі амаль цалкам. У дома згарэў і абваліўся дах, пашкоджаныя сцены, перакрыцці і маёмасць.

Прычына – неацярожнае абыходжанне з агнем у нецвярозым стане.