Супрацоўнікі Стаўбцоўскага РАУС знайшлі 16-гадовага вучня 10 класа Радашковіцкай школы-інтэрната Маладзечанскага раёна, які 1 жніўня збег са сваёй навучальнай установы.

Міліцыянты 7 жніўня перадалі хлопца сваім маладзечанскім калегам, якія вярнулі яго ў інтэрнат.

Аб гэтым расказаў карэспандэнту МЛЫН.BY начальнік аддзялення вышуковай работы Маладзечанскага раённага аддзела ўнутраных спраў Юры Пятровіч.

– У хлопца ў Стаўбцоўскім раёне, у вёсцы Татаршчына жыве бабуля, а ў аграгарадку Засулле – маці, якая пазбаўленая бацькоўскіх правоў. Калегі са Стаўбцоўскага РАУС распавядалі: абедзве жанчыны адмаўляліся, што хлопец з’яўляўся ў іх. Але мясцовыя міліцыянты па нашай просьбе распрацоўвалі такую ​​версію. Бо павінен быў старшакласнік чымсьці харчавацца цэлы тыдзень. Відавочна ён падтрымліваў сувязь са сваякамі.

У выніку работнікам міліцыі дапамаглі мясцовыя жыхары, якія паведамілі, дзе менавіта ў лесе і ў які час уцякач з’явіцца. Там яго і затрымалі.

Паводле папярэдняй версіі, хлопец з Радашковічаў дабіраўся да Стаўбцоўскага раёна на спадарожных машынах.