Летнія месяцы атрымаліся на дзіва гарачымі – у спёкі амаль не было выхадных. Як і ў герояў гэтай публікацыі. Яны працуюць у гарачы сезон і замест адпачынку аддаюць перавагу заробку. Мы даведаліся, дзе зарабляюць маладзечанцы летам.
Летнія месяцы атрымаліся на дзіва гарачымі – у спёкі амаль не было выхадных. Як і ў герояў гэтай публікацыі. Яны працуюць у гарачы сезон і замест адпачынку аддаюць перавагу заробку. Мы даведаліся, дзе зарабляюць маладзечанцы летам.

Праца – гэта жыццё

У маладзечанскім парку ў ціры працуе Арцём Сяргееў. Графік – ад 11 да дзевяці гадзін вечара.

Па адукацыі хлопец тэхнік-праграміст, але работа па спецыяльнасці яму не па душы.

– Што тычыцца працы, яшчэ ў школе ездзіў на бульбу. А калі прыходзіў пасля ўрокаў, па тры гадзіны мадэраваў сайт газеты. У сезон неяк два гады прадаваў кавуны на Лебядзіным рынку, –  распавядае Арцём. –  Цяпер у розных гарадах краіны праводжу карпаратывы, вяселлі, розныя мерапрыемствы, працую вядучым. Сёлета ў ліпені першы раз паспрабаваў сябе ў здымках фільма “Чарнобыль”, што праходзілі ў Турэц-Баярах. На гэты сезон заключылі дагавор з лагерам “Арляня” на Смаргоншчыне. Ладзім там дзіцячыя дыскатэкі.

Зімой хлопец у хакейным клубе “Дынама” працуе жывым талісманам – зубрам.

Дзяўчат на працу ў цір не бяруць – небяспечна. Часам у стане алкагольнага ап’янення прыходзяць страляць, а тут зброя, дзеліцца Арцём.

Зарабляюць летам і студэнты

Аляксандра Драгун атрымлівае адукацыю праграміста ў БДУІР, перайшла на другі курс дзённага аддзялення. Летам працуе ў кіёску, прадае марозіва, квас.

Сёлета дзяўчына другі раз паспрабавала сябе на сезоннай працы, уладкавалася па знаёмстве. Летась працавала таксама тут. Графік работы Аляксандры – 2/2, ад 11:00 да 21:30.

Працоўнае месца дзяўчыны абсталяванае камерамі відэаназірання – кіраўніцтва сочыць за бяспекай.

– З-за махлярства, якое можа здарыцца. Людзі могуць патрымаць грошы ў руках і забраць іх разам са здачай. Але ў мяне такога не было, – растлумачыла Аляксандра.

Прыходзіць на працу на паўтары гадзіны раней

На адным з надзіманых атракцыёнаў у парку працуе Ілля Пятроўскі.

– Графік у мяне прыкладна ад 10:30 і да васьмі-дзевяці гадзін вечара. – расказвае Ілля. – Але прыходжу на працу на паўтары гадзіны раней. Атракцыён трэба выставіць – нанач мы яго прыбіраем, каб не скралі, не парэзалі. Вядома, раблю гэта не адзін, бо ён важыць недзе 600-700 кілаграмаў.

На сезоннай рабоце ён працуе першы раз. Цяпер іншай не мае, але пасля летніх месяцаў плануе знайсці.