– Летнікі беларуска-нямецкія, гэта значыць, што палова ўдзельнікаў з Беларусі, палова – з Германіі прыязджаюць для таго, каб працаваць тут і на вайсковых нямецкіх пахаваннях, але абавязкова і на савецкіх, і на габрэйскіх могілках. І таксама крыху больш даведацца пра гісторыю войнаў, — распавяла Таццяна Мастыка, каардынатар летніка, арганізаванага Народным саюзам Германіі па догляду за ваеннымі пахаваннямі.

Тэма сёлетняга летніка – Першая сусветная вайна. Удзельнікі – пераважна студэнты: дзесяць юнакоў і дзяўчат з беларускага боку, дзесяць — з нямецкага. Кожны год летнік мяняе лакацыю. Летась удзельнікі працавалі ў Мінску і Бярозе. Сёлета пачалі з Брэсцкай крэпасці і на два дні прыехалі на Мядзельшчыну, дзе ў 1916 годзе стаяла лінія фронту. Тут засталося шмат могілак і матэрыяльных сведчанняў пра Першую сусветную вайну.

– Мы ўвесь час, як у Еўропе, так і ў Беларусі, засяроджваемся на тэме Другой сусветнай вайны. У той час як прычыны Другой сусветнай вайны знаходзяцца ў нвырашаных канфліктах Першай. І ў свой час яна была самай маштабнай вайной, якая закранула ўсе краіны і кантыненты, – распавяла Таццяна Мастыка.

Побач з беларусамі ў летніку працуюць маладыя людзі з Германні. Ім цікавая і блізкая гісторыя войнаў, бо яна адбілася на сем’ях большасці з іх. Беларусы і немцы добраўпарадкавалі вайсковыя пахаванні ў Проньках. У другі раз з Германіі ў Беларусь прыехаў гісторык-магістрант Юліян:

У нас раней не шмат распавядалі пра вайну. А цяпер мой дзядуля пачаў гаварыць пра яе больш. Ён быў салдатам Другой сусветнай вайны ў вельмі маладым узросце. Яму было тады 15 год.

Пасля працоўнай часткі ўдзельнікі летніка зладзілі воркшоп. Маладзёны распавядалі пра сувязь сваіх сям’яў з ваеннымі падзеямі. Кацярына з Беларусі расказала пра тое, як яе дзядуля – вайсковы музыкант – прывёз з Нямеччыны старое фартэп’яна. На адной з клавіш інструмента пазначны год яго першай настройкі – 1941. А Віёла з Германіі прыгадала свайго дзядулю, які падчас вайны быў бургамістрам у адным невялікім нямецкім гарадку, але так і не ўступіў у насцысцкую партыю.

А навошта памятаць пра ваенныя падзеі? Ва ўдзельнікаў і арганізатараў летніка адказ просты: каб яны не паўтарыліся.