Сёлета Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў апрабаваў новую методыку падліку вынікаў ЦТ.
Пра гэта на прэс-канферэнцыі распавяла першы намеснік дырэктара РІКВ Наталля Вайцяховіч.

Перш за ўсё Наталля Вайцяховіч ўдакладніла: вынікі ЦТ гэтага года ацэньваліся па ранейшай методыцы, «якая зацверджаная загадам міністэрства адукацыі і выкарыстоўвалася на працягу больш за 12 гадоў».

– Мы можам казаць пра мадэльную апрабацыю. Вынікі сёлетняга ЦТ былі разлічаны і па ранейшай, і па новай методыцы.

У чым яна заключаецца? Галоўным перавагай новай сістэмы падліку Наталля Вайцяховіч называе празрыстасць.

– Вынікі будуць больш празрыстымі. Кожнаму заданню з варыянту тэста будзе прысвойвацца першасны бал, які абітурыенты змогуць убачыць яшчэ да пачатку цэнтралізаванага тэставання. Ён будзе вызначаны і зацверджаны спецыфікацыяй, якую штогод зацвярджае Міністэрства адукацыі. Затым у працэсе праверкі работ абітурыентаў будуць уведзеныя каэфіцыенты. Далей будзе разлічаны тэставы выніковы бал. Свой ранг абітурыенты змогуць убачыць у нас на сайце.

Методыка, падкрэсліла Наталля Вайцяховіч, у сусветнай практыцы не новая: яна выкарыстоўваецца ў многіх краінах. Выкарыстоўваць яе ў Беларусі могуць пачаць ужо ў наступным годзе.

– У выніках мадэльнай апрабацыі мы ўбачылі шмат плюсаў. Пытанне знаходзіцца ў стадыі рашэння.

Цяпер, нагадаем, пры ацэнцы пытання ўлічваецца ў тым ліку і тое, колькі чалавек адказалі на яго правільна.