13 жніўня каля пяці раніцы жыхарка вёскі Балашы Крывасельскага сельсавета пайшла даіць карову. Раптам са столі хлява паліцелі іскры і знікла святло.
Тут жа жанчына заўважыла, што ў другой частцы хлява загарэлася сена, якое там захоўвалі.

Гаспадыня прынесла вядро вады і заліла агонь. Пажар быццам бы спыніўся. Але пакуль жанчына прынесла другое вядро, сена ўжо гарэла адкрытым полымем.

– Гаспадыня ўжо немаладая, ёй 77 гадоў, хадзіць цяжка, –  распавёў “Рэгіянальнай газеце” галоўны спецыяліст інспекцыі нагляду і прафілактыкі Дзяніс Гаўрышчук. – Пакуль яна ішла, суседзі ўжо самі выклікалі выратавальнікаў.

Прыехала чатыры аўтацыстэрны і хуткая дапамога.

У выніку пажару хлеў разам з сенам згарэў. Карова і гаспадыня не пацярпелі.

Каб пазбегнуць падобных здарэнняў, супрацоўнікі Вілейскага РАНС нагадваюць:

  • свяцільнікі ў хлявах абавязкова павінны быць з плафонамі
  • злучаць усе правады неабходна з дапамогай спецыяльных зажымаў, зваркі або пайкі
  • нельга злучаць правады розных відаў, напрыклад, алюміневы з медным
  • нельга выкарыстоўваць старую электраправодку.