11 жніўня, у дзень адкрыцця летне-восеньскага палявання на вадаплавальную і балотную дзічыну, супрацоўнікі Мядзельскай міжраённай інспекцыі затрымалі на Вілейшчыне дваіх паляўнічых-парушальнікаў са сталіцы.
Мужчыны палявалі з расчахлённымі заражанымі стрэльбамі ў забароненым для палявання месцы. Яны былі на востраве ў Вілейскім вадасховішчы ля Ярмолічаў. Гэтая тэрыторыя не ўваходзіць у паляўнічыя ўгоддзі.

З сабой у паляўнічых не было дзяржаўнага пасведчання на права палявання, паляўнічай пуцёўкі на здабычу жывёлы і дазволу органа ўнутраных спраў на захаванне і нашэнне паляўнічай стрэльбы, распавялі ў Мядзельскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Склалі адміністрацыйныя пратаколы. Парушальнікам пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічынь. Магчымая таксама канфіскацыя зброі і пазбаўленне права на паляванне.

Мядзельская міжраённая інспекцыя нагадвае, што паляванне дазваляюць толькі ў межах паляўнічых угоддзяў. Акваторыя Вілейскага вадасховішча і астравы ў ім да паляўнічых угоддзяў не належаць.

Пра ўсе выпадкі парушэнняў прыроднага заканадаўства просяць паведамляць па тэлефоне 8 (01797)  50740 або 102.