Жыхары Вілейкі далучыліся да дабрачыннай акцыі “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі”.
Сутнасць праекта ў тым, каб пластыкавыя накрыўкі не выкідаць, а збіраць і здаваць на перапрацоўку. Чым больш накрывак, тым больш грошай арганізатары акцыі пералічаць на лячэнне хворых дзяцей.

Пакуль кантэйнер для збору такіх накрывак ёсць толькі ў Мінску на вуліцы Скрыганава, 16-261, у краме тавараў для жывёл. Таму віляйчане самастойна возяць туды сабраныя накрыўкі. Частку неабыякавыя людзі ўжо даставілі ў сталіцу.

– Але засталіся яшчэ два мяшкі накрывак, – кажа адна з каардынатарак праекта ў Вілейцы Вольга Шостак. – Спадзяёмся, што нехта дапаможа нам завезці іх у Мінск.

Па словах Вольгі, вельмі актыўна ў зборы накрывак удзельнічаюць вучаніцы вілейскай школы №3 і вучні другой гімназіі.

Збор накрывак працягваецца. Падрабязнасці тут.