Цяпер вырашаецца пытанне пра узбуджэнне крымінальнай справы за загадзя ілжывае паказанне.

15 жніўня пракурор накіраваў матэрыялы справы ў Маладзечанскі РАНС. Падрабязнасці распавёў памочнік пракурора Маладзечанскага раёна Святаслаў Цітовіч.

Пацярпеламу 42 гады, жыве ў вёсцы Беразінскае з жонкай і двума малалетнімі дзецьмі. Пастаянна нідзе не працуе, перабіваецца выпадковымі заробкамі.

У лютым выпіваў у гасцях у аднавяскоўца. У размове пацярпелы, як палічыў гаспадар дома, абразліва выказаўся ў адрас яго жонкі, што і стала падставай для канфлікту. Абвінавачаны ударыў госця па галаве і двойчы – у жывот.

Назаўтра пацярпелы адчуў сябе дрэнна і пайшоў да лекара. Па словах Святаслава Цітовіча, медыкі дыягнаставалі ў яго разрыў селязёнкі.

Следчыя распачалі крымінальную справу за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання.

Суд прысудзіў абвінавачанага да 3 гадоў і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Прысуд уступіў у законную сілу ў канцы ліпеня. Аднак справа атрымала працяг: у ходзе судовага разбору суд засумняваўся ў пэўнасці паказанняў пацярпелага.

– У ходзе следства пацярпелы вырашыў дапамагчы таму, хто яго пакрыўдзіў, і такім спосабам аблегчыць ягоны лёс. Ён распавёў следчым, што да сустрэчы з абвінавачаным яго нібыта ўдарыў іншы чалавек, які цяпер знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, але на момант следства быў яшчэ на волі. У выніку гэтага чалавека ў якасці сведкі этапавалі з калоніі на суд. Але ў ходзе разбору высветлілася, што пацярпелы даў следству ілжывыя паказанні, – растлумачыў Святаслаў Цітовіч.

Пракурор накіраваў матэрыялы справы следчым для прыняцця рашэння аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць пацярпелага па артыкуле «Загадзя ілжывае паказанне».

Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу або арышту, або абмежавання волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў.