У апошнюю суботу жніўня ўнутраны дворык музея ажыве і ператворыцца ў прастору для адпачынку, творчасці і зносін. Тут пройдзе гадовы гарадскі фэст “Прышчэпка”, ён будзе доўжыцца з 12.00 да 21.00.

Фэст атрымаў назву невыпадкова. Для маладзечанцаў слова “прышчэпка” азначае не толькі прадмет, але і з’яўляецца ўнікальным гарадскім сімвалам, які азначае «месца сустрэчы» — ля помніка ў гарадскім парку. Часта можна пачуць у размове маладзечанцаў: “Сустрэнемся дзе?” — “Ля прышчэпкі”.

Фэст пройдзе пад слоганам «Чапляйся да нас!» — далучайся да актыўных, неабыякавых і ініцыятыўных жыхароў Маладзечна.

Фэст ладзяць маладзечанцы. Яны аб’яднаныя, быццам прышчэпкі на адной вяровачцы, агульнай справай.

Што вас чакае?

  • добрая музыка
  • майстар-класы для дарослых і дзяцей
  • фудкорт
  • маркет
  • зона настольных гульняў
  • дзіцячая зона з аніматарамі
  • зона абмену
  • кулінарнае шоу і многае іншае!

Падрабязнасці праграмы мерапрыемства можна будзе знайсці тут: https://vk.com/fest_molodechno

Уваход вольны.

Арганізатарамі з’яўляюцца адукацыйны цэнтр “Адкрытая прастора”, Мінскі абласны краязнаўчы музей, іншыя арганізацыі, а таксама актыўныя і неабыякавыя жыхары нашага горада. Ідэйнымі натхняльнікамі мерапрыемства выступілі культурны менеджэр Ганна Холад і сузаснавальнік Адукацыйнага цэнтра «Адкрытая прастора» Валянціна Сідоркіна.