19 жніўня 1993 года ў Санкт-Пецярбургу Дзіяна Арбеніна сустрэла Святлану Сурганаву. Ад гэтай даты адлічваецца гісторыя спачатку дуэта, а пасля і рок-гурта «Начныя Снайперы». І хоць праз колькі год іх творчыя шляхі разышліся, «Снайперы» працягваюць збіраць стадыёны, а Арбеніна – пісаць новыя песні і прыдумваць розныя незвычайныя штукі.

…Вы ведаеце, чаму пэўная музыка вам падабаецца, а іншая – не? Я так і не здолеў разабрацца ў каранях гэтай з’явы. Зразумела, што можна раскладаць па палічках: класны тэкст, прыемная мелодыя, цікавая аранжыроўка, якасны запіс і гэтак далей. Аднак можна сабраць усе гэтыя складнікі ў адно – а яно проста «не зойдзе», як кажуць. А бывае, ніякіх лагічных абгрунтаванняў любові да пэўнай музыкі не знаходзіш, ды і шукаць не хочацца. Проста – тваё. Так у мяне з «Начнымі Снайперамі».

Праслухоўванне

Пяць год таму 20-годдзе гурта Дзіяна Арбеніна вырашыла адзначыць з размахам. Канцэрт у маскоўскім клубе Crocus City Hall – гэта як у Беларусі сабраць «Мінск-Арэну». Вельмі статусна, карацей. Такую імпрэзу могуць дазволіць сабе толькі сапраўды цікавыя публіцы музыкі.

Дзіяна Арбеніна падчас праслухоўвання. Фота snipers.net.

За колькі месяцаў да падзеі ў інтэрнэце з’яўляецца абвестка: Арбеніна збірае хор з фанатаў, каб выступіць з імі на юбілейным канцэрце. У мяне, маладога беларускага рок-музыкі, які вырас у тым ліку на яе песнях, нават пытання не паўстала, ці падаваць заяўку. Па ўмовах трэба было даслаць запіс любой з песень «Снайпераў» ва ўласным выкананні. У архіве тут жа знайшоў запіс «Рулеткі» – адной з маіх любімых песень Арбенінай, якую мы нярэдка спявалі на кватэрніках і акустычных канцэртах.

Праз нейкі час лепшыя з дасланых трэкаў размясцілі ў інтэрнэце, а іх аўтараў запрасілі на праслухоўванне, якое мусіла весці ўласна Дзіяна Арбеніна. Мой запіс быў сярод іх.

Праслухоўванне праходзіла ў Маскве ў сярэдзіне лістапада, за пару тыдняў да вялікага канцэрту. Ноч у цягніку, пара кіламетраў пешшу ад Беларускага вакзала – і перада мной клуб Arena Moscow. Побач з уваходам – невялікі натоўп. Знаёмлюся. На праслухоўванне прыехалі хлопцы і дзяўчаты з самых розных краін – Беларусі, Украіны, Грузіі, з усіх куткоў Расіі, агулам чалавек 200. «Зайцы» – так называе сама сябе супольнасць прыхільнікаў творчасці «Начных Снайпераў». Карані – у гісторыі, як Арбеніна прапускала на ўласныя канцэрты прыхільнікаў, якія не мелі магчымасці заплаціць за квіток.

Нас папярэдзілі: трэба падрыхтаваць маленькі, не болей за 40 секунд, урывак з абсалютна любой песні, і выканаць для Арбенінай. А далей – як пойдзе. У імправізаванай чарзе да запаветных дзвярэй, дзе праходзіла праслухоўванне, сабралася невялікая кампанія завадатараў, у якой апынуўся і я. Мы пачыналі песню, і ўвесь астатні натоўп далучаўся. Зімправізавалі ці не ўсе «снайперскія» хіты.

Міця Гарэлаў, на той момант бубнач «Начных Снайпераў», падчас праслухоўвання. Фота snipers.net.

У спісах я быў недзе ў сярэдзіне. Выклікаюць. Заходжу. Бачу дырэктара гурта Ларысу Пальцаву, бубнача Міцю Гарэлава, некалькі незнаёмых асобаў… Арбеніна нібы схавалася ў куточак і ўважліва пазірала на ўсіх, хто заходзіў.

– Што спяваць будзем? – пытаецца.

І тут разумею: атмасфера вясёлага чакання настолькі зацягнула, што дагэтуль нават не вырашыўся!.. А ў галаве – адно напаўзагадкавая песня «Засіялі зоркі», якую Дзіяна Арбеніна часта спявае, калі выступае ў Беларусі. І заўсёды падкрэслівае, што менавіта тут – яе радзіма.

Засіялі зоркі, заспявалі пеўні, зашумеў зялёны лес, а я заспяваў. На другім куплеце (яны кароценькія, у час укладваўся) чую, што Арбеніна спявае са мной!

Хармайстар Святлана Сандракова (злева) падчас адной з рэпетыцый

Пасля былі ўдакладненні пра вымаўленне некалькіх беларускіх слоў, сальфеджыя-экзерсіс (хармайстар Святлана Сандракова грала на сінтэзатары мелодыю, якую трэба было паўтарыць голасам), рытмічнае практыкаванне ад Міці Гарэлава…

– Прыехаць-та зможаце, калі мы вас запросім? – спытала Арбеніна.
– А навошта я тады тут? – усміхнуўся ў адказ.

Фота на памяць – і чакаю вердыкту. Праслухоўванне ішло некалькі доўгіх гадзін, а пасля заявілі: вынікі – толькі вечарам. Да цягніка на радзіму заставалася болей за паўдня, таму той жа кампаніяй «зайцаў»-завадатараў рушылі ў кавярню, пазнаёміліся, паспявалі і паспадзяваліся, што ў тым жа складзе сустрэнемся ў «Крокусе».

Так і атрымалася! За гадзіну да цягніка злавіў wi-fi на вакзале і пабачыў сваё прозвішча ў спісе «Снайперскага хору».

«Фа-фа-фа»

Праз пару дзён новаспечаным харыстам, якіх умоўна падзялілі на сапрана і альтоў, даслалі партыі. У нас была ўсяго адна песня, затое якая – культавая «Кошка» з альбома «Рубеж», які выйшаў у 2001-м!.. І ведаеце, раней мне думалася, што ў хоры спяваць зусім проста. Дзе там: партыі апынуліся вельмі мудрагелістымі. «Фа-фа-фа», «ой-ёй-ёі-ёй», вакалізы і распеўкі, дзе трэба спяваць разам, дзе – не…

Перад самім канцэртам прыйшлося колькі дзён правесці ў Маскве. Туды дабраўся аўтаспынам, пусціў пажыць да сябе знакаміты Макс Іўкін – лідар беларуска-латвійскага гурта «Балцкі субстрат», які ў той момант працаваў кампазітарам у маскоўскім лялечным тэатры.

У нас было тры рэпетыцыі. На першых мы вучыліся дыхаць (неверагодна карысны досвед!), замацоўвалі партыі, а на апошнюю прыехалі «Снайперы» ў поўным складзе, і мы зладзілі нешта кшталту генеральнага прагону.

Арбеніна схавала вочы пад цёмныя акуляры і пасля рэпетыцыі заявіла:
– Рабяты, плачу, калі вас чую. Гэта гучыць проста фантастычна!

Гэта не магло не натхняць!

Дзіяна Арбеніна раздае аўтографы харыстам падчас апошняй рэпетыцыі перад юбілейным канцэртам. Фота nsarchive.ru.

Юбілейны канцэрт быў падзелены на дзве часткі: сольная акустыка Дзіяны Арбенінай – у першай і выступленне «Начных Снайпераў» поўным складам – у другой. Выступ «Снайперскага хору» мусіў быць апошнім нумарам імпрэзы. Брэндаваныя «снайперскія» саколкі (захоўваю!), ліхтарыкі для стварэння антуражу (дагэтуль працуе), бэйджы… Апошні інструктаж – і мы на сцэне.

Уявіце: перад вамі – некалькі тысяч гледачоў, побач стаіць кумір, і зараз вы станеце часткай нечага значнага і вялікага.

– Вось нарэшце – апафеоз нашага вечару, – звяртаецца Арбеніна да гледачоў. – Дзеля гэтага варта было 20 год спяваць. Хачу вам прадставіць: гэта – Снайперскі хор!

І прызнаецца, што да апошняга моманту баялася, што нешта сарвецца, не атрымаецца… Але мы зрабілі гэта.

Тры хвіліны на сцэне праляцелі, як імгненне. Вы, канешне, можаце здзівіцца: дзеля трох хвілін вось гэта вось усё?.. Адкажу без затрымкі: дзеля такіх імгненняў, мусіць, наогул варта жыць.

…Арбеніна прыйшла ў грымёрку хора, і мы проста гутарылі. Спявачка дзякавала нам, мы – ёй. Прапанаваў па рок-н-рольнай традыцыі памяняцца медыятарамі, Арбеніна ўзяла мой, а ў самой з сабой не апынулася. Паабяцала, што пры нагодзе аддасць.

Пасля была ноч у кавярні з «зайцамі», цягнік у Беларусь і ўспаміны, якія засталіся на ўсё жыццё.

«Я люблю беларускую мову!»

Сярод удзельнікаў «Снайперскага хору», дарэчы, таксама былі Ксюша Жук і Арцём Лук’яненка – тыя самыя, якія пад назвай «Naviband» прадставілі Беларусь на леташнім «Еўрабачанні». Упершыню за гісторыю песеннага конкурса беларускія канкурсанты спявалі па-беларуску.

З «зайцамі» з той кампаніі, якая склалася яшчэ падчас праслухоўвання, камунікуем і цяпер, ездзім нават у госці адно да аднаго.

Дзіяна Арбеніна не аднойчы выступала на «Славянскім базары» ў Віцебску. А вось у родны Валожын з канцэртам пакуль не даехала. Фота news.vitebsk.cc.

…Аднойчы падчас інтэрв’ю адной беларускай радыёстанцыі Дзіяна Арбеніна прыгадала, што ёй вельмі прыемна было пачуць беларускую мову на тым самым праслухоўванні, і заявіла, што запомніла некалькі маіх моўных урокаў)) У любові да беларускай мовы Арбеніна прызналася і мне асабіста, калі пару год таму падчас «Славянскага базару» ў Віцебску давялося сустрэцца на інтэрв’ю. Я тады перайшоў на беларускую і па рэакцыі спявачкі зразумеў: не хлусіць! Вось толькі медыятара ў яе з сабой тады зноў не было.

Дзіяна Сяргееўна, вы тырчыце мне медыятар))

Даведка «РГ». Дзіяна Арбеніна (дзявочае прозвішча – Кулачэнка) нарадзілася 8 ліпеня 1974 года ў Валожыне ў журналісцкай сям’і. Калі ёй было тры гады, сям’я пераехала ў Барысаў, а затым – на Поўнач. Арбеніна жыла і вучылася ў Магадане. Гурт «Начныя Снайперы» выпусціў амаль паўтары дзясяткі студыйных альбомаў, актыўна выступае з гастролямі па ўсім свеце.