Праект праводзіў нямецка-польскі бок. Запрасілі моладзь ад 16 да 20 гадоў.  З беларускага боку прымалі ўдзел навучэнцы першага і другога курсаў аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва музычнага каледжа. Для абмена культурным вопытам, знаёмства са звычаямі іншых народаў удзельнікі з’ездзілі ў тры краіны.

Восенню 2017 года беларусы наведвалі нямецкія гарады Мюнхен і Аўгсбург, вясной – польскі Шчэцін.

Падчас праекту ў Польшчы і Германіі праводзілі майстар-класы. У Шчэціне – па кераміцы ў Мюнхене – па графіцы. Наведвалі помнікі архітэктуры, музеі, слухалі экскурсіі.

– У кожнай краіне нас нечаму вучылі. Адна з ідэй праекту – наладзіць сяброўскія зносіны паміж моладдзю розных краін. Наогул творчая атмасфера панавала на ўсіх этапах праекту, – распавяла загадчыцы аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва музычнага каледжа Людміла Валковіч-Борыс.

У жніўні беларусы запрасілі гасцей да сябе – у Маладзечна.

– Мы працавалі з імі дзесяць дзён. Арганізавалі і правялі майстар-класы па выцінанцы – выразалі птушак і анёлаў, саломапляценню – рабілі кветкі з саломы, па маляваным дыванам і беларускай міфалогіі, – расказала Людміла. – На першым майстар-класе прапанавалі намаляваць і выразаць з паперы птушак. Напісаць на іх прозвішча, імя, краіну і прыляпіць да намаляванага раней вялікага дрэва – атрымалася 42 птушкі.

Падчас сустрэчы зладзілі агульную выставу ўсіх мастацкіх вырабаў, на якой прадставілі работы, зробленыя ўдзельнікамі на майстар-класах.

Са словамі падзякі выступілі арганізатары праекту, выкладчыкі і моладзь.

– Беларусы нас моцна ўразілі, завалілі падарункамі. Хачу падзякаваць усім, – прагучала ад Монікі Штоль, галоўнага арганізатара праекта, прадстаўніцы з нямецкага боку. – Цяпер нас аб’ядноўвае сяброўства паміж Шчэцінам, Мюнхенам і Маладзечнам.

– Мы знаёмыя ўжо дзесяць месяцаў. Сёння я зразумела, што паслядоўнасць наведвання краін была правільная, таму што Польшча мяжуе з Германіяй, атрымалася добрая дарога з Германіі ў Беларусь. Мы разам вучыліся, развіваліся, – падзялілася меркаваннем Кася Вонска, прадстаўніца з польскага боку, якая працавала з моладдзю.

На памяць беларусы падарылі гасцям сувеніры з беларускай сімволікай – паштоўкі, магніты, шакалад, керамічныя кубкі.

Фота аўтара.