Апошнія выхадныя лета сабралі амаль сотню людзей у вёсцы Навасады, што месціцца ў Нароцкім сельсавеце.
Гасцінны “Дом ля возера” і яго гаспадар Алег Куралесаў прапанавалі гасцям багатую праграму, у якой былі прыгляды фільмаў, дыскусіі з запрошанымі экспертамі, выставы фотаздымкаў і сучаснага мастацтва, абавязковыя пасядзелкі ля вогнішча. Патушыць агонь і бадзёры настрой гасцей не змаглі нават дажджы, што прайшлі над Навасадамі ў тыя дні.

Гэтая мясціна ўжо не першы раз збірае вакол сябе жыхароў рэгіёна, якія любяць з карысцю праводзіць час на прыродзе. Сёлета ў “Доме ля возера” ўжо прайшоў дзень нямецкай культуры, некалькі кінапаказаў.

Быў нават тэлескоп і турнір рыбаловаў

На 23-25 жніўня арганізатары прадумалі праграму настолькі, што без справы не сядзеў ніхто. Дзеці гулялі з мячом і выйгравалі падарункі за найлепшы малюнак. Аматары дыскусій маглі абмеркаваць стан сучаснай адукацыі з Ганнай Севярынец і задаць пытанне псіхолагу Алене Васкрасенскай.

Хто любіць спакойны адпачынак, глядзелі фільмы і назіралі за зоркамі.

Нібыта спецыяльна для гасцей у першы вечар, калі Мікалай Святоха прывёз у Навасады тэлескоп, хмары на начным небе разышліся і далі месяцу і зоркам ззяць на ўсю моц.

Тыя, хто не любіць сядзець на месцы, бралі ўдзел у майстар-класе па народных танцах ад этнаграфічнага гурта “Кола”. Вольга Трубач і Віталь Назарэвіч паказалі, як не адтаптаць ногі адно аднаму, танцуючы польку і кракавяк. Але нават рытмічнае “раз-два-тры” не ўсім дапамагло справіцца з задачай.

Танчыць без правілаў можна было на іншай пляцоўцы – перад сцэнай, на якой загралі гурты “Белая варона” з Вілейкі і “Станцыя” з Мінска. Моцны дождж, які пачаўся падчас выступу, не спыніў ахвотных патанчыць.

Каму не лянота было ўстаць а пятай раніцы, удзельнічалі ў турніры рыбаловаў. Аказалася, што возера, ля якога размешчаная сядзіба,  багатае на рыбу. Шчупак рыбака-пераможцы заважыў на 800 грамаў.

Свае “кнігі” ў Навасады прывезла маладзечанка Юлія Мароз і яе “Жывая бібліятэка”. Чым жыве тайскі баксёр, мама дзіцяці з сіндромам Даўна, былы нарказалежны і самая сапраўдныя вядзьмарка? Даведацца аб гэтым можна было, пераходзячы ад адной “кнігі” да другой.

Няхай у наступны раз будзе больш гасцей

– Я вельмі задаволены тым, як усё прайшло, – кажа гаспадар “Дома ля возера” Алег Куралесаў. – Цешыць, што людзі дабраліся да нас з розных гарадоў. Адзінае, хацелася б бачыць на мерапрыемствах больш жыхароў з бліжэйшых вёсак, сёння іх было не так шмат. Спадзяюся, спрацуе сарафаннае радыё і наступным разам кожны з сённяшніх гасцей прыхопіць пару-тройку сяброў.

Госці былі шчодрыя на падзякі арганізатарам і пыталіся, калі будуць наступныя мерапрыемствы.

Каб не прапусціць іх, сачыце за абнаўленнямі ў групе “Дом ля возера. Навасады” у сацыяльных сетках. Уваход на імпрэзы заўсёды свабодны. Як піша гаспадар у суполцы, тут рады кожнаму госцю. І гэта адчуваецца.

Фота “Дом ля возера”.

Плачце, калі там не былі. На Вілейшчыне зладзілі найкруцейшы фестываль «Дом ля возера» (Фота)