Семья из Дубины Воложинского района уехала в США. КГБ

Гісторыя сям’і з Дубіны склалася так, што сваякі апынуліся падзеленымі межамі і гадамі. Дачка так і не змагла сустрэцца з бацькамі, а сясцёр і братоў за акіянам пабачыла праз дзесяцігоддзі. Калі ж вярнулася, савецкі муж не стрымаўся ад плачу – ён да апошняга не верыў, што каханая пасля Амерыкі вернецца да яго.

Пра драматычны лёс сваякоў для чытачоў «Рэгіянальнай газеты» расказаў былы дырэктар Дубінской школы Васіль Рамановіч і яго дачка Наталля, якая раз-пораз прыгаворвала: «Ну кажы, кажы. Цяпер жа ўжо можна”.

Паехалі ў Амерыку без дачкі

Пачалася дубінска-амерыканская гісторыя з пачатку 20 стагоддзя. Дзед нашага суразмоўцы па матчынай лініі, таксама Васіль, толькі з прозвішчам Мучынскі, вяртаўся з руска-японскай вайны. У 1906 годзе вербаўшчыкі запрасілі яго на шахцёрскія заробкі ў Амерыку. Разам з жонкай прынялі рашэнне пагадзіцца.

Жонка засталася ў Дубіне, а праз дзевяць месяцаў нарадзіла дачку Еву. Маладая маці вырашыла не браць у цяжкую дарогу немаўля. Пакінула яе бацькам, а сама паехала да мужа.

Сям’я асела ў Стэнфардзе. Муж працягваў працу шахцёра, жонка гандлявала ва ўласнай лаўцы. Нарадзілі яшчэ трох сыноў і дзвюх дачок. Першая з іх, Крысціна, ведала родную мову бацькоў.

Васіль Рамановіч каля дома. Унук маладой пары з Дубіны, што ў пачатку 20 стагоддзя паехалі шукаць лепшага жыцця ў Амерыку, пакінуўшы дзіця, яго маці, тут.

Там часам Ева расла без таты і мамы. Мінула Першая сусветная. Дубіна трапіла пад польскі ўплыў. Вырашылі, дзяўчынка падрасла, удалы час завезці дзіця да бацькоў. У дарогу сабраўся дзядзька.

Аднак меў неасцярожнасць пакінуць у Дубіне каханую  дзяўчыну. Тая пабаялася, што застанецца без мужа, таму выправілася вяртаць жаніха з дарогі. І вярнула разам з пляменніцай.

Забраць першую дачку ў Амерыку ў Мучынскіх усё не атрымлівалася. З часам Ева выйшла замуж, змяніла прозвішча на Рамановіч. Пра ўз’яднанне сям’і ўжо не магла ісці гаворка. Жанчына так і не сустрэлася з маці, а бацьку ніколі не бачыла.

А вось з іншымі сваякамі, якіх у ЗША стала шмат, пабачылася ў 60-я гады.

У ЗША.
Першая дачка Мучынскіх, якая нарадзілася ў Амерыцы. Марыя ведала мову бацькоў з Дубіны.

В США.

З-за амерыканскай радні не стаў лётчыкам

Сын Евы Васіль, наш суразмоўца, нарадзіўся ў 1931 годзе. У Рамановічаў было сямёра дзяцей. Васіль быў старэйшым з хлопцаў, перад ім нарадзілася сястра. І праз тое, што меў амерыканскіх сваякоў, атрымаў нямала і радасці, і клопатаў.

У Другую сусветную вайну школу ў Дубіне спалілі партызаны – каб там не пасяліліся немцы. Памятае, што жыхары найбольш баяліся партызан, бо тыя адбіралі ежу – самае галоўнае ў вайну.

У пяты і шосты клас хадзіў у суседнія Чабаі.

Дырэктарам школы паставілі прыезджага рускага, які вельмі любіў лазню. У Чабаях яе не было, таму перавёў школу ў Міхалова, у будынак, дзе да 1939 года быў польскі дзіцячы дом. З лазняй.

Пасля заканчэння сямігодкі захацеў паступіць у лідскае педвучылішча, дзе вучылася старэйшая сястра. Яна параіла спачатку пайсці ў старэйшыя класы. У Валожыне жыў на кватэры і закончыў школу.

Дубина Воложинского района.
Васіль Рамановіч адпрацаваў дырэктарам дубінской школы большую частку працоўнага жыцця.

Бацька параіў уладкавацца так на вучобу, каб за казённы кошт. Вырашыў з сябрам паспрабаваць паступіць у авіяцыйнае вучылішча ў Чалябінскай вобласці. Расказвае, пабачыў шмат бедных, неахайных людзей, таму вырашыў вяртацца дамоў.

Дачка Наталля ўступае ў размову: «Не хітры, не тая прычына была». Тады сваякі прызнаюцца: для паступлення патрэбна было даць усе дакументы. А ў яго ў анкеце – замежныя сваякі. Хто ж такога ў лётчыкі пусціць?

Вярнуўшыся, спачатку дапамагаў бацьку-кладаўшчыку. Прынялі ў школу ў Дубіне. Паступіў на завочнае аддзяленне ў педінстытут.

Пасля другога курса адправілі служыць. Пасля арміі накіравалі ў Чабайскую школу, праз год вярнулі ў Дубіну. Адпрацаваў настаўнікам гісторыі, а праз год паставілі дырэктарам – на 36 год.

З жонкай Франяй пазнаёміўся яшчэ да арміі. Яна таксама працавала настаўніцай, прыехала са Старых Дарог. Маладыя пажаніліся і завялі першае дзіця яшчэ да таго, як Васіль пайшоў у армію. Разам з жонкай выгадаваў трох дачок – Наталлю, Жанну і Аліну.

Дубина Воложинский район в Советское время.
У Дубіну прыехалі сваякі з Амерыкі.

Як у Дубіну прыехалі амерыканцы

Пра амерыканскіх сваякоў у доме гаварылі. І ўсё чакалі, калі ж давядзецца сустрэцца.

У 1961 годзе Крысціна з мужам, сястра Евы, прыехала ў Дубіну. Прывезлі дзіва – фотаапарат «Палароід», шмат здымалі. На адным з фота зафіксавалі стары плот, за якім адна з дачок Рамановічаў мые бялізну ля калодзежа. Гэтае фота пасля паказвалі іншым родным у ЗША – усіх уразіла беднасць, у якой жыла сваячка. З Амерыкі ў Дубіну пачалі перасылаць накладзеным плацяжом рэчы, нават бялізну.

Перад наступным прыездам сельсавет выдзеліў Рамановічам грошы на агароджу – каб не было сорамна перад амерыканскімі гасцямі.

Сваякі падарылі беларускім родзічам скарб – дзве «Волгі», белую для сям’і Евы і чорную для іншых сваякоў. Наталля прыгадвае белы аўтамабіль:

– Прыгналі пад хату, брэзентам накрылі, і не ведалі ж, як перад ёй танцаваць. Ужо можна расказаць.

Пасля такога Рамановіча выклікалі ў раён – што за падарункі перасылаюць з Амерыкі дырэктару школы і члену партыі? Прабачылі таму, што не хаваў набытак, а шчыра прызнаўся ў свой час, што мае сваякоў за акіянам.

Приехала в США из СССР.
Ева прыляцела ў Амерыку.

Приехала в США из СССР.

Приехала в США из СССР.

Приехала в США из СССР.

Такой Ева паехала ў ЗША.
А такой прыехала.

Наталля памятае і іншы момант. Калі амерыканскія сваякі гасцілі, у стозе сена сядзелі супрацоўнікі КДБ. Калі дзеці падышлі, тыя прыклалі палец да вуснаў.

А на дзень нараджэння Наталлі і яе стрыечнай сястры прыслалі неверагодна прыгожыя пуховыя коўдры ў паветраныя шарыкі і аксамітныя сарафаны. Для дзяўчынак з вёскі гэта была проста казка.

У 1967 годзе Ева ўсё ж паехала на сустрэчу да родных у ЗША на два месяцы. Збіралі ўсёй вёскай – зрабілі прычоску, нашылі ўбораў.

Але там родзічы не выпускалі яе ў свет тыдзень. Наводзілі прыгажосць. Палячылі зубы, завялі на манікюр і ў цырульню.

Прыехала назад з чамаданамі падарункаў. Муж сустрэў і кажа: «А, Евачка, ты ж амерыканка!». І не стрымаў слёз. Прызнаўся: верыў, што каханая застанецца ў ЗША.

Цяпер Рамановічы крыху падтрымліваюць сувязь з амерыканскімі сваякамі. Але моладзь ужо не мае такога сантыменту да беларускай радні.

Валожынскі раён, Дубіна.
Бацькі Евы.

Валожынскі раён, Дубіна.

Валожынскі раён, Дубіна.