немецкая кухня

Ад 23 верасня ў Беларусі пачаліся тыдні Германіі. Некалькі мерапрыемстваў тыдня запланаваныя ў Маладзечне.
Больш за 15 гадоў кожную восень пад патранажам Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Беларусі праводзяцца тыдні Германіі. Сёлета яны працягнуцца да 18 лістапада.

Пасольства запрашае ўсіх, хто хацеў бы пазнаёміцца з нямецкай культурай, мовай і грамадствам, наведаць шматлікія мерапрыемствы. Правядуць шматлікія паказы сучасных кароткаметражных стужак, мастацкіх фільмаў на нямецкай мове з субтытрамі на рускай, дакументальнага і музычнага кіно.

Будуць таксама канцэрты ад класікі да стыляў рок і поп, а таксама джаз. Зладзяць чытанні, выставы, майстар-класы і лекцыі на спецыяльныя тэмы.

Першыя мерапрыемствы тыдня Германіі ў Маладзечне ўжо правялі. 26 верасня супрацоўнікі Цэнтральнай раённай бібліятэкі пазнаёмілі чытачоў з праграмай тыдня ў горадзе.  Маладзечанцы даведаліся, як яны могуць паўдзельнічаць у мерапрыемствах і пазнаёміліся з працай медыя-аўтобуса Інстытута імя Гёте ў Мінску DeutschExpress.

У гэты ж дзень у кінатэатры “Радзіма” паказалі фільм “Цім Талер ці прададзены смех”. Кіно было на нямецкай мове, але з рускімі субтытрамі.

Кінапаказы ў “Радзіме” працягнуцца ў пятніцу 28 верасня ў 17:00. Тут прапануюць нямецкамоўную драму “Усходні вецер”. А 23 кастрычніка пакажуць трагікамедыю “Я і Камінскі”.

29 верасня гараджан, якім падабаецца фатаграфаваць, запросяць на фотамарафон. Ён будзе доўжыцца цэлы дзень: ад 10:00 да 21:00. Удзельнікі павінны быць старэйшыя за 14 гадоў. Фотааматары на працягу дня будуць здымаць на зададзеныя тэмы.

5 кастрычніка падчас кулінарнага майстар-класа ў бібліятцы Зыгрыд Мурк распавядзе пра асаблівасці баварскай кухні і прыгатуе разам з удзельнікамі некалькі вядомых нацыянальных страў.

Круглы стол на нямецкай мове “Моладзь Германіі і Беларусі” з удзелам валанцёраў з Германіі правядуць у бібліятэцы 18 кастрычніка ў 15:00.

Урачыстае закрыццё тыдня зладзяць 27 кастрычніка ў 16:30. На закрыцці падвядуць вынікі фотамарафона і ўзнагародзяць лепшых удзельнікаў.

• Текст доступен на языке: Русский