Грамадскія прасторы Маладзечна абмеркавалі на ток-шоу, якое адбылося 27 верасня ў Red Bar’ы. Арганізатары запрасілі неабыякавых гараджан, каб высветліць, ці ёсць патэнцыял для развіцця горада і як на гэта могуць паўплываць самі маладзечанцы.
https://youtu.be/0aeXSZzlEi0

— Мы паспрабуем пагаварыць пра гарадскія публічныя прасторы. Ці ёсць яны ў Маладзечне, як развіваюцца, функцыянуюць, які ў іх патэнцыял для развіцця, для ўключэння грамадзян у іх развіццё, – распавяла каардынатар грамадскай і культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» па Мінскай вобласці Святлана Чакушка.

«Будзьма» на працягу шасці гадоў імкнецца заахвоціць беларусаў да ўключэння ў развіццё іх населеных пунктаў. Сярод іншага, у Маладзечне ўжо абмяркоўвалі моладзевыя ініцыятывы, ладзілі «Кірмашы праектаў» – прэзентацыі ідэй, накіраваных на паляпшэнне горада.

— Мы праводзілі сумесна з фондам Агінскага, музычным каледжам адукацыйныя курсы, майстэрню ідэй «Ліхтар». Гэта не першае мерапрыемства, іх даволі шмат праводзіцца ў рэгіёнах, у тым ліку і ў Маладзечне, – распавяла Святлана Чакушка.

Цяпер на ток-шоу выступілі людзі, для якіх урбаністыка – не проста моднае слова, а сапраўды лад жыцця. Пра развіццё гарадскіх прастораў у беларускай сталіцы распавёў сузаснавальнік Мінскай урбаністычнай платформы Андрэй Карпека. Суаўтарка праекта «Крэатыўная карта Маладзечна» Валянціна Сідоркіна патлумачыла, якія захады робяцца для наладжвання дыялогу паміж неабыякавымі гараджанамі для супольнай рэалізацыі ініцыятыў. Досведам працы ў Віцебску падзяліўся адзін са стваральнікаў культурніцкай прасторы «Vitebsk4me» Уладзімір Булаўскі. Па яго словах, гарадская публічная прастора — гэта пляцоўка для камунікацыі паміж прадстаўнікамі розных груповак грамадства: актывістаў, мясцовых уладаў, арганізатараў імпрэз, культурніцкіх дзеячаў.

— Я прыязджаю сюды ўжо трэці раз за апошнія два гады і бачу, што ёсць людзі, якія, дзякуючы той адукацыі, якую яны атрымліваюць праз розныя гарадскія праекты, — яны набіраюцца досведу для вывучэння патрэб гараджан. І тое, што цяпер ідзе даследаванне па стварэнні «Крэатыўнай карты Маладзечна», – гэта вельмі крута, гэта спробы даследаваць патрэбы гараджан. А атрымацца можа толькі тады, калі мы будзем разумець, што ёсць – для таго, каб разумець, куды рухацца, – перакананы Уладзімір Булаўскі.

Арганізатары разлічваюць, што ток-шоу стане добрым штуршком да развіцця гарадскіх прастораў. Мадэратар сустрэчы Святлана Чакушка адзначыла, што сёння гэта папулярна ў сталіцы і абласных гарадах, але жыццё ёсць і ў рэгіёнах. Маладзечна не застаецца ў баку. Сёлета ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі зладзілі маштабны фэст «Прышчэпка», а ў суботу, 29 верасня, на тэрыторыі міні-рынку па вуліцы Францыска Скарыны адбудзецца прэзентацыя «Вуліцы стрыт-фуда». Дыялог, які адбыўся паміж спікерамі і гасцямі ток-шоу — актыўнымі маладзечанцамі, дае надзею, што гарадское жыццё будзе віраваць і ў «Горадзе сонца».