Інклюзія.

У суботу, 29 верасня, у Маладзечне прайшоў інклюзіўны фестываль “Я – супергерой”. У школе №8 сабраліся школьнікі і дарослыя, арганізатары і госці, дзеці з інваліднасцю і без – каб пазнаёміцца і разам выдатна правесці час.
У суботу, 29 верасня, у Маладзечне прайшоў інклюзіўны фестываль “Я – супергерой”. У школе №8 сабраліся школьнікі і дарослыя, арганізатары і госці, дзеці з інваліднасцю і без – каб пазнаёміцца і разам выдатна правесці час.

У праграме быў салодкі стол, хімічнае шоу, забаўляльныя гульні, выстава вырабаў, што падрыхтавалі дзеці. Саму школу ўпрыгожыў Сяргей Кажура. А вучань 14-й школы Глеб Рудзько правёў кулінарнае шоу, на якім гатавалі кексы з крэмам.

Ідэя зладзіць такі фестываль з’явілася на пачатку верасня, калі актыўныя гараджане сабраліся на першую сустрэчу дыскусійнага клуба “Маладзечна гавора”. На ёй агучылі шмат думак пра тое, што варта зрабіць для таго, каб жыццё ў райцэнтры стала больш камфортным і насычаным. Падрыхтаваць актыўнасць, якая б аб’ядноўвала дзяцей, стала не толькі цікавай задачай, але і надзвычай важнай.

Адна з арганізатараў праекта “Маладзечна гавора” Валянціна Сідоркіна расказвае:

– Праекты, накіраваныя на стварэнне інклюзіўнага грамадства, – не мода, не проста спосаб змагацца з нудой і рабіць больш разнастайным жыццё. Гэта жыццёвая неабходнасць. З аднаго боку, для людзей з інваліднасцю, іх сваякоў, бо якасць іх жыцця не заўсёды такая, як хацелася б. З іншага боку, гэта неабходна тым, хто не сутыкаецца з такімі праблемамі. Яны патрэбныя нам, каб глыбей адчуваць, каб самім вучыцца і вучыць сваіх дзяцей жыць побач з тымі, хто сутыкнуўся з інваліднасцю. Я адчула столькі эмоцый, нават болю ў словах мамаў дзяцей з інваліднасцю, якія прыйшлі да нас на першую сустрэчу дыскусійнага клуба, што проста не магла не ўдзельнічаць у гэтым праекце.

Актывісты вырашылі, што тэмай фестывалю павінны быць супергероі. У кожнага з дзяцей былі бэйджыкі з надпісамі “супергерой”.

– Кожны ўдзельнiк на самой справе валодае суперздольнасцямi, кожны таленавiты, умее рабiць тое, што не могуць iншыя. I на фестывалi мы яшчэ раз пераканалiся ў гэтым. Спадзяюся, яны адчулі сябе хоць крыху супергероямі і больш паверылі ў сябе, тлумачыць арганізатар.

Атрымалася, таму што было не ўсё роўна

Ірына Тархан – адна з актывістаў, што прыйшла на сустрэчу дыскусійнага клуба і актыўна далучылася да падрыхтоўкі. Кажа, што зладзіць свята было зусім не складана, галоўнае разумець, для каго робіш, і жаданне:

– Я хацела навучыць сваіх дзяцей камунікаваць у інклюзіўным грамадстве, успрымаць дзяцей з асаблівасцямі як звычайных, паважаць іх. Рабілі такое свята ўпершыню. Больш дзейнічалі па інтуіцыі. Вельмі пашанцавала, што многія дапамагалі. Свята рабілі для дзяцей, і былі ўпэўненыя, што ўсё атрымаецца. Настрой ва ўсёй каманды быў цягам усяго месяца падрыхтоўкі.

Яшчэ адна актывістка Ганна Сафонава ўпэўненая ў тым, што ўсё атрымалася, як і задумвалася:

– Я бачыла, з якой цікавасцю размаўляюць дзеці, якія за межамі гэтага фестывалю нават не пазнаёміліся б. Дзякуючы святу адкрыліся асаблівыя дзеці, а астатнія атрымалі магчымасць пасябраваць з імі і пазбавіцца ад няёмкага моманту, які мог бы ўзнікнуць.

Усё атрымалася, таму што сабраліся людзі, якім не ўсё роўна.

Актывісты адзначаюць, што ў арганізацыі моцна дапамаглі работнікі школы – дырэктар Аляксей Шарамет, педагог-арганізатар Алена Губіч і іншыя.

“Гэта неверагодныя эмоцыі!”

Лілія Струнгару вельмі ўдзячная, што яе з 14-гадовым сынам Ванем запрасілі на фэст:

– Ваня іграў на акардэоне. Каму мы патрэбныя? Па вялікім рахунку, нікому. Дзякуй за мерапрыемства. Было мора пазітыву. Па тым, што Ваня танцаваў, я зразумела, яму хораша. Сказаў, што, канешне, спадабалася.

Віялета Банковіч – юная зорка Маладзечна. Дзяўчынка спявае, займаецца творчасцю і ўдзельнічае ў самых розных мерапрыемствах. Яе мама Таццяна пастаянна змагаецца за тое, каб інвалідны вазок не замінаў яе дачцэ жыць напоўніцу, адчуваць сябе шчаслівым падлеткам, у якога шмат сяброў.

– Дзеці з інваліднасцю пераважна камунікуюць з бацькамі, братамі і сёстрамі. Інклюзіўнае свята зладзілі найперш для таго, каб дзеці з асаблівасцямі адчулі сябе роўнымі са звычайнымі. На фестывалі яны нічым не адрозніваліся. Знаёміліся, абменьваліся кантактамі і нават пасябравалі.

Мы атрымалі неверагодныя эмоцыі! Я бачыла, што маёй дачцэ гэта вельмі трэба.

Сама Віялета адзначыла:

– Было вельмі здорава. Я пазнаёмілася з аднагодкамі. Хочацца, каб такія святы былі часцей.

Неверагодна атмасферныя здымкі з прэзентацыі вуліцы стрыт-фуда (Фота)

“Я чакала гэта свята 22 гады”

Таццяна Сафонава сама вучылася ў восьмай школе. Яна адзначыла, наколькі ёй у школьным узросце не хапала чагосьці падобнага:

– У гэтай школе я вучылася. Я была не такая, як усе. Чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі складана было вучыцца. Ніколі б не падумала, што праз 22 гады ў гэтай школе адкрыецца першы інклюзіўны фестываль. Вялізны дзякуй дырэктару школы за падтрымку ідэі. Нашы супергероі спявалі, танцавалі, была выстава іх ручных работ.

Валянціна Сідоркіна падзялілася тым, як рыхтавалі свята, каб і іншыя маглі б паўтарыць:

– Перад тым, як нешта рабiць, трэба пераканацца, што гэта трэба тым, для каго робiш. Мы ведалі, што інклюзіўны фестываль неабходны, бо яго iдэя належала мамам дзетак з iнвалiднасцю. Акрамя гэтага, патрэбная каманда. Астатняе, на мой погляд, мае другаснае значэнне. Усё знойдзецца, калі ёсць людзі, якім не ўсё роўна. Знайшлася пляцоўка. Школа дапамагла выдатна падрыхтаваць фестываль.

Прадумалі сцэнар, запрасілі вядучых майстар-класаў. У падрыхтоўку і правядзенне ўцягнулі і саміх дзяцей. Я думаю, тым больш задавальнення і карысці прынесла ім гэтае свята.

Калі на сцэне праспявала Віялета Банковіч, Валянціну гэта расчуліла да слёз:

– Я не проста бачыла дзяцей побач, мы былі па-сапраўднаму РАЗАМ. Яны спявалі разам, размаўлялі, удзельнічалі ў майстар-класах, гульнях. Я назірала, што ў іх не было бар’ераў у камунікацыі. Межы сапраўды сціраюцца праз такія мерапрыемствы.

Фота Таццяны САФОНАВАЙ.

«Каларытненька». Маладзечна становіцца сталіцай стрыт-фуда Беларусі (Відэарэпартаж)