Сход

У Вілейцы 26 кастрычніка ў выставачнай зале імя Сілівановіча прагучаць песні 19 стагоддзя. Наведнікаў чакаюць розныя сюрпрызы. Тэма першага вілейскага Спеўнага схода – творы Станіслава Манюшкі, лірычныя песні на словы Яна Чачота, з лёгкімі рысамі фальклору. Пачатак а 18-й. Уваход вольны.
Калі спытаць старэйшае пакаленне, яно абавязкова пацвердзяць, што яшчэ зусім нядаўна нашы дзяды спявалі штодня. З песняй рабілася нават праца. І не было разумення, што песня – гэта не для ўсіх. Хочацца душы спяваць – яна і спявае. І весяліцца, і плача голасам – па-рознаму бывала. Цяпер болей мы прызвычаены маўчаць, саромецца свайго голасу. “Што падумаюць людзі, калі я заспяваю?”

“Спяваць можа кожны!” – упэўнены кіраўнік і аўтар Спеўных сходаў Сяржук Доўгушаў. Спяваць – гэта натуральна. Мэта Спеўных сходаў – вярнуць традыцыю супольных спеваў у народ, а таксама пазнаёміць нас з беларускай песняй. Тэмы Спеўных сходаў ахопліваюць розныя часы, накірункі і жанры.

Тэма першага вілейскага Спеўнага схода – творы Станіслава Манюшкі, лірычныя песні на словы Яна Чачота, з лёгкімі рысамі фальклору.

Станіслаў Манюшка – заснавальнік класічнай польскай оперы, кампазітар, дырыжор, класік беларускай і польскай вакальнай лірыкі. Крыніцай ягонага натхнення быў фальклор. Ён першы ў гісторыі асмеліўся, каб побач з польскай мовай з вялікай сцэны загучала і беларуская.

На сёння ў Мінску Спеўныя сходы збіраюць сотні ўдзельнікаў.