Пажар здарыўся каля дзесяці вечара 24 кастрычніка ў вёсцы Дварэц Іжанскага сельсавета.
Калі прыехалі выратавальнікі, дом гарэў адкрытым полымем. Дах ужо праваліўся ўнутр.
Па словах суседзяў, у доме магла знаходзіцца гаспадыня-пенсіянерка.
Абгарэлае цела жынчыны выратавальнікі знайшлі каля 23.00 у адным з жылых пакояў. Верагодна, гэта і была гаспадыня дома.
Агонь знішчыў дах, перакрыцці, абгарэлі сцены і маёмасць. Прычыну пажару высвятляюць. Матэрыялы для праверкі перадалі ў Вілейскі РАСК.
– Гаспадыня-пенсіянерка жыла ў доме толькі ў цёплую пару года. На зіму яе забірала дачка ў Вілейку, – распавёў “Рэгіянальнай газеце” старшы інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Вілейскага ГРАНС Дзмітры Кляшняк. – Па словах дачкі, літаральна на наступным тыдні яна збіралася забіраць маці на зіму.
























