Хачу расказаць чытачам  пра вёску Астравы Вілейскага раёна Мінскай. Сёння тут 16 хат, але няма жыхароў. Бліжэйшая вёска Журыхі – у двух кіламетрах, больш буйная Любань – у трох з паловай.
Часткова хаты ў Астравах выкарыстоўваюць нашчадкі, часткова – прадалі пад дачы. Вёска знаходзіцца прыгожым сасновым лесе. Тут чыстае паветра.

Для мяне гэтая вёска фактычна радзіма. Тут жылі дзед з бабуляй Мамаі Мікалай Антонавіч (1899- 1984) і Ганна Паўлаўна (1904-2000). У вёску мы прыязджалі з Вілейкі і бавілі тут увесь вольны час.

Памятаю і сваю прабабку Агату Лях (1880- 1968). Навогул, Астравы – гэта вёска доўгажыхароў. Там калі да 80 гадоў не дажыў, лічылася, што малады памёр.

Шмат пра гісторыю вёскі расказваў мой дзед, сусед Аляксандр Лях (1891- 1989), яго дачка Яніна Балкоўская, што нарадзілася 1930 годзе.

Як пан на выгадных умовах купляў зямлю ў сялян

Гісторыя Астравоў ідзе ад пачатку 18 стагодзя. У той час на месцы цяперашняга

аграгарадка Любань знаходзілася вёска Юхавічы. Жыхары былі  вольнымі, прыгоннага права не было. Там працякала невялічкая рэчка Вужык. За вёскай, у бок возера Нарач, пачыналася пушча.

У 1807 годзе шмат лесу і зямлю вакол рэчкі набыў пан Іван Любанскі, родам з-пад Любліна. На гэтая зямлі ён вырашыў пабудаваць маёнтак сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, пасадзіць парк і зрабіць сістэму сажалак для рыбагадоўлі. Для гэтага  неабходна пан рассяліў Юхавічы.

Расссялялася вёска даволі прывабна для жыхароў. Пан выкупляў ва ўладальнікаў зямлю па добрай цане ці прапаноўваў наўзамен сваю, прычым у значна большым

памеры далей ад будучага маёнтка. Таксама даваў лес для будаўніцтва.

Неўзабаве недалёка ад будучага маёнтка з’явіліся невялікія вёскі Дзядычы, Буракі, Кульшыно, Навікі, Зімодры і Астравы. Могілкі Астравоў так і захаваліся побач з цяперашней Любанню.

На месцы Астравоў быў лес. Пазней туды перасяліліся чатыры гаспадаркі з Юхавічаў – Ляхі, Завацкія, Казановічы і Хадзінскія. Пан перадаў ім ва уласнасць даволі шмат лесу. Вёска расла і перад 1941 годам там было 23 хаты. Прычым пабудовы вельмі крэпкія, з адборнага смалістага лесу.

У панскіх сажалках і сёння ловяць рыбу

Любанскі пабудаваў маентак, якога сёння ў тым выглядзе яго ужо няма. Пасадзіў вялікі парк з дзіўнымі дрэвамі. Пасля нядаўняга ўрагану іх засталося зусім мала. І сёння ёсць панская сістэма сажалак, якой карыстаюцца рыбакі. Былі таксама спіртзавод, млын,

млячарня, завод па перапрацоўцы агародніны і садавіны, пабудовы якога выкарыстоўваюць і цяпер. З тых часоў існуе і вялікая пасека.

У маёнтку вырошчвалі коней, авечак. Быў вялікі статак кароў. З суседніх вёсак ходзілі туды працаваць. Да 1943 года на пасецы працаваў мой дзед Мікалай. Фактычна Любань (назва на прозвішчы пана Любанскага) стала забудоўвацца жыхарамі пасля вайны.

Пра Астравы – у Першую сусветную

Як жылі Астравы у 19 стагодзі, не ведаю, бо не было у каго распытать. Успаміны вяскоўцаў пачаліся ад Першай сусветнай вайны. У ёй Астравам пашанцавала. Вёска стаяла ў баку ад стратэгічных напрамкаў, і немцаў у тую вайну тут не было.

Амаль два гады у гэтай мясцовасці фронт стаяў на месцы. За кіламетр ад вёскі стаяў расійскі полк. Афіцэры кватаравалі ў Астравах. У майго прадзеда Паўла Ляха былі у той час толькі жонка Агата і дачка Ганна, таму у яго хаце жыло трое афіцэроў. За пастой плацілі вялікія грошы, акрамя таго давалі многа харчавання для прыгатавання ежы.

На тую вайну жыхары вёскі не трапілі, як казалі, адкупіліся. Напрыклад, мне распавядаў сусед Аляксандр Лях, як купіў паперу, што хворы. Але на усякі выпадак з’ехаў у Кіеў. Там пайшоў працаваць вальцоўшчыкам на ваенны завод “Арсенал”, з якога у армію не бралі. Там Лях адпрацаваў амаль два гады і у пачатку 1917 вярнуўся ў Астравы ужо з жонкай Казімірай і вялікімя грашыма. Набыў лесу і пабудаваў хату.

Распытваў я свайго дзеда Мікалая пра падзеі у пачатку 20 стагодзя. Са здзіўленнем пачуў, што дзед хадзіў на вайну. Ён быў вельмі добры, ніколі нікога не пакрыўдзіў. Сыходзіў з дому, калі трэба было забіць жывёлу, нават кур секла бабуля. А тут – на вайну!

Аднойчы летам 1920 года у вёску Кульшыно, дзе жыў тады дзед,  прышлі салдаты з Чырвонай арміі і яго з суседам забралі. Завезлі на палігон ля горада Дарагабужа, што на Смаленшчыне. Там было шмат навабранцаў з Расіі, Украіны і Беларусі. Іх амаль не кармілі, пачалася эпідэмія дэзізэнтэрыі. Многія паміралі.

На фронт не адпраўлялі, бо не было абмундзіравання, зброі. Нарэшце, тых, у каго былі боты (у тым ліку і дзеда), накіравалі на фронт над горад Слуцк.  Ваяваць ніхто не хацеў, ды і не умеў. Неўзабаве іх узялі у палон палякі і адправілі у лагер ваеннапалонных пад Баранавічамі. Сярод палонных былі знаёмыя дзеда з суседніх вёсак. Пабыўшы у лагеры чатыры дні, дзед з суседам вырашылі пайсці дамоў, бо там дрэнна кармілі. Аховы амаль не было). Праз месяц прыйшлі дамоў.

Муж – у шынок, жонка – на шопінг

Да 1939 года вёска была ў складзе Польшы. Жыхары Астровоў займаліся звычайнай сялянскай справай. Абраблялі зямлю, гадавалі скаціну, птушак. Сеялі жыта, ячмень, гарох, бульбу, лён. Жыта і ячмень потым вазілі на млын малоць. Жытняя мука і гарох ішла у асноўным на корм жывёлам, з ячменнай пяклі хлеб.

Лён ішоў на даматканыя вырабы, што рабілі зімой на кроснах. Трымалі кароў, коней, авечак. З воўны вязалі адзенне, рабілі сярмягі, са скур шылі кажухі. Акрамя пчол на працы ў маёнтку, у дзеда і дома у садзе была пасека.

Кожны тыдзень па аўторках усе з вёскі вазілі малочныя вырабы, а дзед – яшчэ і мёд,

на кірмаш у пасёлак Куранец. Там жылі амаль адны габрэі, мелі лаўкі, майстэрні, шынкі.

Пасля продажу сваіх вырабаў, дзед ішоў у шынок, дзе сустракаўся са знаёмымі, а бабка займалася як цяпер кажуць “шопінгам”. Потым яна забірала дзеда і ехалі дамоў, разам з другімі жыхарамі Астравоў.

У вёсцы было дзве кузні. Яны належалі Мікалаю Селюну і Аляксандру Хадзінскаму.

Увесь час дзеці хадзілі у школу у Журыхі. Пазней, пры савецкай уладзе, пасля чацвёртага класа –  у Любань. Школа была на беларускай мове. Пры Польшчы вывучалі і польскую.

Асноўны здабытак жыхарам Астравоў даваў лес. Кожную вясну прыязджаў купец лесу яўрэй Норман.

Сасна ішла на пабудовы і сталярныя вырабы, з бярозы рабілі мэблю, з елкі – паперу, з асіны – гонту і траску. На дровы бралі некандыцыю, а таксама тоўстыя сукі ад вялікіх дрэў. Пасля высечкі карчавалі пні і прадавалі на смалакурню. Лясы былі чыстыя, дагледжаныя.

Яшчэ нарыхтоўвалі мох для падсцілкі скаціне. Атрымліваўся добры гной. Я таксама дапамагаў дзеду нарыхтоўваць мох. Яго насякалі тапаром  і спецыяльнымі крукамі аддзіралі ад зямлі. Скручвалі ў невялікія рулоны, везлі дамоў, потым падсушвалі і пазней выкарыстоўвалі.

Людзі ў вёсцы былі працавітыя, п’яніц не было, ніхто не сядзеў у турме, не служылі пры немцах у паліцыі. На святы ўсе збіраліся за адным сталом, спявалі песні. Асабліва добра выконвала рамансы  Казіміра Лях.

Нявесты з Астравоў былі працавітыя і з пасагам

Звычайна дзяўчаты выходзілі замуж у другія вёскі і ішлі жыць у сям’ю мужа. Нявесты з Астравоў былі працавітыя і з добрым пасагам. Калі ў сям’і не было хлопцаў, мужа прымалі жыць у сям’ю нявесты, так званага прымаку.

Мая бабуля Ганна выйшла замуж за дзеда Мікалая і перабралася жыць у сям’ю мужа, у вёску Кульшыно. У сям’і прадзеда заставаўся жыць яе малодшы брат Міша. Аднак у 12 гадоў ён захварэў  і  ў канцы 1920-х памёр.

Калі сыны заставаліся жыць у Астравах, бацькі дзялілі на іх зямлю і лес. У майго прадзеда Паўла было пяць братоў. Два, Сцяпан і Мікалай, жылі ў Астравах. Брат Майсей перайшоў у СССР. Потым выклікаў сям’ю. Пазней іх усіх рэпрэсавалі, Майсей згінуў у лагерах.  Пасля вайны яго сын быў у вёсцы, сустракаўся з роднымі.

У польскі час уладай для вёскі быў солтыс, які жыў у больш буйнай вёсцы Журыхі. Пазней, с прыходам Чырвонай Арміі ў 1939 годзе, яго арыштавалі.

Солтыс  збіраў  падаткі, сачыў за чысцінёй і парадкам у падначаленых вёсках.  У той час нельга было вырошчваць тытунь, гнаць самагон. Недзе два разы на год у вёску наязджалі паліцэйскія на роварах ці  брычцы, у прыгожай форме, нават пальчаткі былі белыя. Глядзелі, каб было чыста на вуліцы, у дварышчы, адрамантаваныя платы, прыбіральні. Загадвалі бяліць сцены хат.

Адны дзівіліся неахайным чырвонаармейцам, іншыя – багатым вяскоўцам

У верасні 1939 прыйшла савецкая ўлада ў Астравы. У суседняй вёсцы Журыхі новыя ўлады правялі сход з канцэртам. Сяляне прыйшлі прыгожа апранутыя. Спачатку вяскоўцы добра сустрэлі чырвонаармейцаў, толькі са здзіўленнем глядзелі на неахайны выгляд салдат і афіцэраў.

Чырвонаармейцы ж таксама здзіўляліся, гледзячы на заможнасць сялян, поўныя свірны збожжа, садавіны, гародніны, вялікую колькасць жывёл і птушкі.  Да вайны жыццё жыхароў вёскі фактычна не змянілася, толькі адабралі лес.

Самы цяжкі час пачаўся з прыходам немцаў. У 1941-1942 гадах партызанскі рух быў неактыўны.  Нямецкія гарнізоны стаялі ў маёнтку Любань і ў вёсцы Іжа. Вёску Журыхі партызаны спалілі ў пачатку вайны, каб там не было нямецкага гарнізона.

Людзі ў Астравах па-ранейшаму абраблялі зямлю, гадавалі жывёл. У пачатку вайны немцы дазвалялі выкупляць з палону ваеннапалонных, і самы заможны ў вёсцы Іван Казановіч выкупіў Івана Цвілікава. Яму далі мянушку Рускі. Пасля вайны ён застаўся жыць у Любані.

Пра партызанаў сваіх і чужых

У Любань падчас вайны вяскоўцы вазілі лішкі малака, здавалі на завод. Узамен немцы давалі соль, мыла, запалкі. Дзед па-ранейшаму хадзіў працаваць у Любань на пасеку. Немцы прывезлі з Галандыі ўпраўляючага па сельскай гаспадарцы Дрыля. Дзед з ім пасябраваў і быў галоўным здабытчыкам дражджэй партызанам. Ад 1943 года партызаны забаранілі здаваць малако немцам.

За тры кіламетры ад Астравоў была база партызанскай брыгады “За Савецкую Баларусь”,  і ўсе суседнія вёскі давалі партызанам ежу і адзенне. Дзяўчаты вязалі з шэрсці світары, рукавіцы, шылі кажухі. Кожны вечар рабілі і пастаўлялі партызанам сыры гародніну, саланіну, хлеб.  У вёсцы было чатыры лазні, якія палілі для партызан.

У партызанскай брыгадзе былі два хлопцы з вёскі: Косця Завацкі і Мікола Хадзінскі Партызаны не рабавалі сялян. За ўсю вайну  прымусова не забралі ніводнай жывёлы.

Але зрэдку ў вёску заходзілі і другія, невядомыя партызаны, якія рабавалі жыхароў. З хаты прадзеда забралі нават два сярпы.  Вяскоўцы каштоўныя рэчы закопвалі ў куфрах. Ля вёскі Лужы партызаны арганізавалі аэрадром і туды часта прыляталі савецкія самалёты.

Вучні любанскай школы падарожнічаюць па мясцінах, пра якія распавдае Уладзімір Альфер.

Ад 1943 года немцы сталі шукаць, хто дапамагае партызанам. У вёсцы жыў партызан Пётра Лях. Аднойчы летам 1943 года ён разам з 16-гадовым Мікалаем Ляхам паехалі на заданне і трапілі ў засаду. Мікалая забілі, а Пётра ўцёк, аднак згубіў свае дакументы сувязнога. Неўзабаве ў вёску прыехалі немцы, і Пятра расстралялі разам з шасцігадовым сынам Аляксандрам. Жонку Марылю забралі ў Вілейку, дзе расстралялі пазней.

У ліпені 1943 года Астравы маглі спаліць. Тады ў вёску прайшлі тры партызаны, каб узяць  падводы і перавезці  выбухоўку да возера Нарач. Пакуль рыхтавалі падводы, у вёску знянацку  прыехалі паліцэйскія з Іжанскага гарнізона. Партызаны сталі уцякаць. Паліцаі заўважылі, пачалі страляць, але партызаны ўцяклі . Тады паліцаі вырашылі спаліць вёску за сувязь з партызанамі.

Але ім начальнік-немец, інвалід Першай сусветнай, забараніў гэта зрабіць. Некалі ён ваяваў у гэтых краях.

Лес наступае на вёску

Летам 1944 немцаў прагналі. Сталі ствараць лясніцтвы, і дзед пайшоў працаваць лесніком. З сабой туды забраў і свайго каня. Чатырох мужчын з вёскі прызвалі ў армію. Аляксандр Лях быў на фронце мінамётчыкам, меў шмат узнагародаў.

Спакой у вёсцы наступіў не скора. Паліцаі цяпер сталі хавацца ў лесе. Гэта цягнулася амаль дзевяць гадоў. Спачатку даволі часта яны заходзілі ў вёску за ежай і адзежай. Вялі сябе нахабна, дзеда хацелі расстраляць, бо не любілі леснікоў.

У 1948 годзе ў Астравах зрабілі калгас імя Мічурына. Зямлю забралі ў калгас, пакінулі толькі прысядзібныя ўчасткі. Забралі коней з падводамі і інвентаром. Людзям стала жыць цяжэй. Выехаць не маглі, бо сялянам не давалі пашпарты.

Сям’і майго дзеда жылося лягчэй. У ляеснікоў быў добры заробак, выдавалі муку. Яшчэ дзед дзяржаў вялікую пасеку, а мёд у той час быў дарагі…

Сёння ў Астравах ніхто не жыве.  Жыццё там ёсць толькі летам. Зараслі лесам сенажаці, лес наступае на вёску…