Рэспубліканскія спаборніцтвы суднамадэлістаў «Юнга-2018» зладзілі 27-29 кастрычніка ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік» у Маладзечне.

Караблі будуюць і дзяўчаты

Юных суднамадэлістаў горад прымае амаль 30 год. Сёлета ў Маладзечна прыехалі навучэнцы з Мінска, Слуцка, Гомеля, Гродна, Навагрудка, Ліды. Самыя блізкія ўдзельнікі – з Вілейкі і Маладзечна. Самыя далёкія – са Смаленска. Удзельнічала 14 камандаў, куды ўвайшлі 102 навучэнцы.

Па традыцыі, суднамадэляванне ўспрымаюць як занятак для хлопчыкаў. Аднак стэрэатыпы развянчалі Варвара Свароў з Навагрудка, Кацярына Нікалаева са Смаленска і случанка Валерыя Махлай, майстар спорту па суднамадэляванні.

Адкрыў спаборніцтвы прадстаўнік ДТСААФ Артур Качаноўскі:

– Ва ўсіх вас цудоўныя макеты караблёў, – звярнуўся ён да ўдзельнікаў. – Але мала зрабіць добры макет. Галоўнае, каб ваш карабель без памылак прайшоў дыстанцыю. Жадаю вам спартыўных дасягненняў і рэкордаў.

Астатнія выступоўцы жадалі юным удзельнікам поспехаў, павышэння разрадаў і новых сяброў. Навучэнкі «Маладзіка» аздобілі цырымонію адкрыцця прыгожымі словамі і музыкай. Адзначыўшы, што Маладзечна называюць горадам сонца, вядучая ўсім пажадала сонечнага настрою.

Аляксей Васільеў: смела аддавайце дзіця ў суднамадэльны гурток

Нязменны галоўны суддзя спаборніцтваў Аляксей Васільеў усцешаны, што колькасць удзельнікаў спаборніцтваў год ад году не змяншаецца. Адзначае, што самы адказны заўсёды другі дзень мерапрыемства – старты. Калі ў басейне санаторнай школы-інтэрната ўдзельнікі запускаюць свае караблі.

Мадэлі, якія ўразілі набольш, здымалі на тэлефоны.

На думку Аляксея Васільева, заняткі суднамадэляваннем карысныя для дзіцяці. Яно навучыцца майстраваць, працаваць з лобзікам, зразумее чарцяжы. Гэтыя ўменні спатрэбяцца па жыцці нават тады, калі малады чалавек не зробіць будаўніцтва караблёў сваім асноўным заняткам.

Першакласнік Раман ужо прыдумаў мадэль для спаборніцтваў

Вілейшчыну прадставіў педагог з Чурлёнаў Аляксей Роліч са сваімі навучэнцамі. Хлопцы будуюць караблі другі год. Па выніках спаборніцтваў, каманда стала дзявятай.

Па выніках прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам. Першай стала каманда са Слуцка, другой – з Гродна. Бронзу спаборніцтваў узялі маладзечанцы. Гледачоў на адкрыцці было няшмат. Пераважна – удзельнікі, педагогі і зацікаўленыя асобы. Паглядзець на караблі прыйшла маладзечанка Вольга Роўда з сынам, першакласнікам Раманам.

Абмяркуем?

– Рома займаецца суднамадэляваннем першы год у педагога «Маладзіка» Мікалая Хрэшчыка. Адразу пайшоў у школу і ў гурток. Нам яшчэ далёка да такіх спаборніцтваў, але прыйшлі паглядзець, бо сыну гэта падабаецца. Суднамадэляваннем зацікавіўся летам, калі ў парку былі паказальныя выступленні маладзечанскіх спартсменаў. Цяпер Рома будуе паруснік. І ўжо выбраў мадэль, з якой паўдзельнічае на спаборніцтвах у наступным годзе, – распавяла Вольга.

– Колькі часу трэба рабіць карабель? – пытаюся ў хлопчыка.

– До-о-ўга… – цягне той.

Фота аўтара.