крэва

Пра збор на сваёй старонцы ў фэйсбуку абвясціў журналіст і грамадскі актывіст Глеб Лабадзенка.

“Сёння я да вас з незвычайнай просьбай-прапановай, – піша Глеб. – Размаўляў з рэстаўратарамі Крэўскага замка. У іх скончыліся камяні. Усе, якія раней вываліліся са сцен, паднятыя з зямлі і ахайна ўстаўленыя на месца. але ясна, што за столькі год разбурэння шмат што расцягалі па будоўлях людзі…
Нагадаем, што Цэнтральную плошчу ў Маладзечне таксама брукавалі камянямі з Крэўскага замка.
Цяпер шукаюць нейкае комплекснае рашэнне праблемы. Але ў той жа час, рэстаўратары будуць удзячныя кожнаму, хто прывязе ў Крэва хоць колькі камянёў дыяметрам 30-50 сантыметраў (можна і меншыя, ад 15 сантыметраў — пойдуць у забутоўку). нікому адмыслова паведамляць не трэба — проста кладзіце каля галоўнага ўвахода.

Вы толькі падумайце: прыедзеце потым у Крэва, пад адноўлены замак — і скажаце дзецям/унукам або сябрам: а тут ёсць і мае пару камянёў!

Менавіта так і быў збудаваны замак семсот гадоў таму. Нават праклён з той пары ў Крэве існуе: каб ты ўсё жыццё цягаў камяні на Крэўскі замак. Бо тады людзей сілком прымушалі рабіць гэта.

Глеб перакананы: далучыцца да справы рэстаўрацыі замка –  гонар для кожнага беларуса.