7 лістапада жыхарка Вілейкі, сямігадовая Ксенія Арцімовіч, выхаванка танцавальнага калектыву “Фарсаж” паўдзельнічала ў мерапрыемствах Тыдня беларускай моды ў Мінску.
Пра гэта карэспандэнту “Рэгіянальнай газеты” расказала педагог Ксеніі, кіраўнік “Фарсажу” Алеся Раздзялоўская:

– Нас запрасіла дырэктар мадэльнага агенцтва “Школа прыгажосці  k&s models agecy” Крысціна Шчасная. Летась мы сталі прызёрамі конкурсу “Горад шчасця” і атрымалі сертыфікат на паездку ў Грэцыю. Аднак аплочвалася толькі частка тура, астатнюю суму бацькі вілейскіх дзетак “не пацягнулі”. Таму ніхто не паехаў.

Крысціна Шчасная тады была ў журы. Яна запомніла вілейскі танцавальны калектыў і запрасіла дяцей і педагога на Тыдзень беларускай моды. Запрашалі ўсіх ахвотных дзяцей. Але ўдзел у такіх праектах патрабуе часу і грошай: трэба часта ездзіць на прымеркі і рэпетыцыі.

У выніку пагадзіліся толькі бацькі Ксюшы. Яны вельмі хацелі ажыццявіць мару дачкі – паспрабаваць сябе ў ролі мадэлі.

– На паказе была прамая трансляцыя, шмат СМІ, фатографы, – прыгадвае Алеся. – Эмоцыі зашкальвалі. Вакол прыгожае адзенне: ад спартыўных касцюмаў з бітамі да сукенак з дыядэмамі.

Ксюша прадстаўляла калекцыю “Нефармат” мінскага дызайнера Анастасіі Фальковіч. Адзенне ў калекцыі – спакойных пяшчотных колераў.

– Было шмат цяжкасцей, нават для мяне, – прызнаецца Алеся. – Я харэограф, а не трэнер мадэляў. У танцы вучыш тэхніцы рухаў, сінхроннасці. У дэфіле – усё крыху па-іншаму. Прыйшлося вучыцца і мне. Тут вельмі важна трымаць спіну, не падымаючы плячэй, ісці правільна, лёгка перастаўляючы ногі ў рытм. На твары – абавязковая упэўненасць і ўсмешка. Плюс пазіцыі для фотасесіі.

Фінальнае фота. Ксюша – чацвёртая злева.

Ксюша са сваёй настаўніцай танцаў ездзілі на заняткі да Крысціны Шчаснай. Яна паказала, як і над чым працаваць. Далей займаліся ўжо самі ў Вілейцы: і педагог, і мама дзяўчынкі. Алеся ўдзячная бацькам Ксюшы за цярпенне і ўзаемаразуменне.

На подыуме.

– Самой Ксюшы было цяжка, – кажа Алеся. – То пра спіну забывалася, то пра тое, як прыгожа ісці. Але на самім мерапрыемстве Ксюшка засяродзілася і выступіла дастойна. Былі дзеці, якія займаюцца некалькі год, а мы першы раз, ды яшчэ за такія кароткія тэрміны. Ксюшу заўважылі, адзначылі яе старанне, уважлівасць, упэўненасць.

1 снежня юную вілейскую мадэль запрасілі ў Львоў дэманстраваць адзенне ўкраінскіх дызайнераў. Але мама вырашыла, што дзяўчынка пакуль маленькая для такога мерапрыемства. Да таго ж не варта прапускаць школу.

– Ці стане Ксюша мадэллю, я не ведаю. Але гэтае маерапрыемства дакладна запомніцца ёй на ўсё жыццё. А я пачынаю думаць над тым, што трэба пачаць выкладаць дэфіле. Танцы і дэфіле вельмі добра ўзаемадапаўняюцца. Вось каб яшчэ і вілейскі дызайнер знайшоўся! – падзялілася сваімі планамі Алеся.

Фотаздымкі забяспечаныя Алесяй Раздзялоўскай.