яма

Следчыя высвятляюць прычыны гібелі мужчыны, чыё цела 9 лістапада знайшлі ў яме для адходаў у адной з вёсак Ашмянскага раёна. Па асноўнай версіі, гэта няшчасны выпадак, паведамляе Tut.by са спасылкай на прэс-службу Упраўлення СК па Гродзенскай вобласці.

Цела 51-гадовага мужчыны знайшоў яго сваяк каля прадпрыемства ААТ «Гальшанскі крухмальны завод» у яме з адходамі вытворчасці — жамерынамі – адходамі пасля крухмальнай вытыорчасці.

«Пры аглядзе бачных цялесных пашкоджанняў на целе не выяўлена. Каля ямы знаходзіўся воз з канём, якія належалі памерламу », — распавёў афіцыйны прадстаўнік абласнога УСК Сяргей Шаршаневіч.

Аказалася, у яму глыбінёй 5 метраў сістэматычна скідваюць адходы, але доступ да яе не абмежаваны. Гэтым карыстаюцца мясцовыя — самі дастаюць жамерыны і кормяць імі свойскую жывёлу. Следчыя лічаць, што гэтым жа займаўся мужчына: побач было вядро, а на яго ўчастку знайшлі тару з рэшткамі.

Па заключэнні экспертызы, прычынай смерці стала ўдушэнне адходамі крухмальнай вытворчасці; пры гэтым мужчына быў п’яны. Асноўная версія — няшчасны выпадак.