У рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Налібоцкі” плануюць генетычнае аздараўленне мікрапапуляцыі еўрапейскага зубра.
Гэта стане часткай рэалізацыі праекта “Ветландс”, што фінансуе Глабальны экалагічны фонд і рэалізуе Праграма развіцця ААН у Беларусі сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ПРААН у Беларусі.

У заказніку прааналізавалі налібоцкую мікрапапуляцыю зуброў, ацанілі шматгадовую дынаміку колькасці і ўзнаўлення, даследавалі зімова-вясновае і летне-восеньскае прасторавае размеркаванне зуброў па тэрыторыі, па кармавых палях і сельскагаспадарчых угоддзях.

“У далейшым праектам плануецца абмен паміж асобінамі еўрапейскага зубра, каб паляпшыць генетычны статус налібоцкай мікрапапуляцыі.  Каб сабраць пробы біяматерыала,  пабудуюць не менш за пяцьжывапастак для зуброў”, – распавялі ў прэс-службе.

Атрыманыя вынікі стануць асновай для генетычнага аздараўлення налібоцкай мікрапапуляцыі. Канчатковая мэта гэтых мерапрыемстваў – стварыць умовы для доўгачасовага захавання папуляцыі еўрапейскага зубра ў Беларусі.

Дзякуючы праекту, у заказніку “Налібоцкі” для зубра ствараюць лугавыя кармавыя ўгоддзі сярод суцэльных лясных масіваў. Для ігэтага закупілі спецыяльную тэхніку.

За гэты год у заказніку аднавілі 146 гектараў лугавых угоддзяў, куды ўжо пачалі выходзіць зубры. Усяго за пяць гадоў рэалізацыі праекта “Ветландс” плануюць аднавіць 490 гектараў такіх угоддзяў. Гэта дазволіць пазбягаць канфліктаў з мясцовымі сельгасарганізацыямі і насельніцтвам, якія ўзнікаюць з-за шкоды, што наносяць зубры.