Нядаўна мы пісалі пра тое,  што найлепшым гульнявым фільмам нацыянальнага конкурсу на “Лістападзе”стала стужка Мары Тамковіч “Дачка”.
Карані пераможцы – з Ашмянаў. Днямі Мара Тамковіч распавяла карэспандэнту “Рэгіянальнай газеты” пра свае ўспаміны, звязаныя з гэтай мясцінай.

— Ашмяны – мая другая радзіма, – расказала Мара. – Адсюль паходзяць мае бацька і маці. Яны жылі на суседніх вуліцах. Тут скончылі школы, праўда, розныя. Адсюль паехалі вучыцца.

Мара ў Ашмянах з бабуляй Стасяй. Лістапад, 2018.

Калі будучая рэжысёрка была маленькай, яна праводзіла ў Ашмянах шмат часу. Кажа, што сёння вельмі цёпла згадвае гэты гарадок.

– Дзядуля і бабуля працавалі ў Доме быту. Памятаю, як мы з бабуляй хадзілі на працу да дзеда. Я там збірала кавалачкі тканіны, якімі дзядуля абіваў мэблю. Несла іх дамоў і шыла адзенне для сваіх цацак.

Ашмяны – тое месца, якое я моцна адчуваю родным і якое натхняе мяне, падсумавала Мара.