17 лістапада каля дзесяці вечара два жыхары вёскі Рабунь ішлі па вуліцы і ўбачылі, што з-пад капота аўтамабіля ў адным з двароў ідзе дым.
Мужчыны паспрабавалі трапіць у двор, аднак брамка была зачыненая на замок. Тады яны пераскочылі праз плот. Адзін з іх пачаў цягаць ваду з калодзежа. Другі ліў на капот машыны. У 22.14 выклікалі выратавальнікаў.

Пасля адзін з вяскоўцаў збегаў дамоў за аўтамабільным вогнетушыцелем. У гэты час з дома выйшла гаспадыня аўтамабіля. Пачала дапамагаць, далучыўся і яшчэ адзін вясковец з вогнетушыцелем.

Калі прыехалі выратавальнікі, аўтамабіль “Форд” вяскоўцы ўжо патушылі самі.

– Ад агню згарэла ўсё абсталяванне ў маторным адсеку, а таксама лопнула лабавое шкло, – распавёў “Рэгіянальнй газеце” старшы інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Дзмітры Кляшняк. 

Прычыну высвятляюць. Але па словах спецыялістаў, гэта – не падпал. Хутчэй за ўсё, тэхнічная няспраўнасць.