“Недалёка ад вёскі Брусы на Мядзельшчыне, у лесе, ёсць возера, якое называецца Чорным. Чорнае возера вельмі глыбокае. Дно яго топкае, ілістае, таму вада здаецца чорнаю, хаця яна і даволі чыстая.

Паводле слоў старажылаў вёскі, у возеры гэтым жылі і, мабыць, жывуць яшчэ і цяпер істоты, падобныя да маладых жанчын, — азярніцы. У азярніц доўгія зеленаватыя валасы, цёмная скура, ступні ў выглядзе плаўнікоў. I хоць знешне істоты нагадваюць людзей, замест крыві ў іх нібыта вада, і на дотык яны вельмі халодныя.

Размаўляюць азярніцы на незразумелай, як бы птушынай мове. Сукні носяць сплеценыя з багавіння. Па начах, калі свеціць месяц, азярніцы выходзяць на бераг і спяваюць салоўкамі. Бывае, спяваюць яны і глыбока пад вадою. Тады іхнія спевы нагадваюць жабінае крактанне.

Калі раптам які чалавек убачыць азярніц, ён не павінен сябе выдаць, бо азярніцы зацягнуць яго да сябе, у самую багну, і ўжо не адпусцяць. Гэта ж чакае і таго, хто асмеліцца выкупацца ў гэтым возеры.” – такое паданне запісалі фалькларысты на Мядзельшчыне.

Валеры Апарык (злева) і Ігар Кіцікаў за творчай працай. Фота забяспечанае Ігарам Кіцікавым.

Навукоўцы лічаць, што азярніц можна разглядаць не толькі як лакальны вобраз, а і як агульны персанаж ніжэйшай міфалогіі Беларусі.

– У рыбакоў ёсць Рыбін цар, у грыбнікоў – Вужыны князь. У Віліі ёсць Вілляна, а цяпер у яе з’явіцца сястра Азярніца, дзяўчына з нашага вілейскага мора – вадасховішча, – кажа Ігар Сямёнавіч. – Возера Чорнае знаходзіцца ў басейне Віліі. Таму можна лічыць, што азярніцы размножыліся і адна з іх трапіла да нас.

А яшчэ Ігар Кіцікаў прыгадаў містычную гісторыю з уласнага жыцця:

– Неяк мы з сябрам сядзелі на захадзе на чортавым (падвясным) мосціку ў раёне вёскі Прынта. Пад юшку расказвалі рыбацкія байкі. І раптам… У метрах дзесяці ад нас каля берага капазалася нешта буйное, метр-паўтара, белага колеру. Мы – у шоку. Там жы глыбіні па пояс. Што гэта было? Бабёр-альбінос? Вялізная рыба? А можа… Азярніца?

Вось і вырашыў Ігар Кіцікаў разам з вілейскім скульптарам Валерыем Апарыкам увекавечыць жыхарку, заступніцу нашага вілейскага мора.