Наступнымі днямі падаражэюць паслугі электрасувязі і паштовай сувязі. Адпаведная пастанова №84 Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Дакумент набывае моц праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання.

Напрыклад абаненцкая плата за гарадскі тэлефон вырасце з 2,81 рубля да 3,08 рубля, за спараныя тэлефоны, якія маюць розныя нумары, — з 2,28 рубля да 2,49 рубля. Плата за кожную поўную або няпоўную хвіліну вырасце з 0,0059 да 0,0064 капейкі

Таксама вырастуць тарыфы на перасылку простых адпраўленняў па Беларусі. Сёння адпраўка паштовай карткі, ліста ці бандэролі масай да 20 грам для фізічных асоб каштуе 42 капейкі. Па новых тарыфах яе кошт вырасце да 48 капеек.

Акрамя таго, уведзена плата за заяву, якую прыйдзецца пісаць беларусам, калі інфармацыя на міжнародным паштовым адпраўленні не сыходзіцца з дадзенымі на дакуменце, які пацвярджае асобу.