На Вілейшчыне можа з’явіцца аўтобусны маршрут для людзей з інваліднасцю. Гэтага дабіваецца жыхар Ільі Віктар Філістовіч, які ўжо некалькі год знаходзіцца ў інвалідным вазку.
Віктар даслаў зварот у Вілейскі райвыканкам, паведаміў пра сваю ініцыятыву праз «Рэгіянальную газету». Мы далі тэлефоны, па якіх зацікаўленыя ў такім аўтобусе жыхары Вілейшчыны могуць звязацца з Віктарам.

Па ўказаных тэлефонах да Віктара звярталася некалькі чалавек. Былі званкі са Старынак, Карпавічаў. Казалі, што такі аўтобус патрэбны, але прасілі, каб нідзе не гучалі іх прозвішчы.

На думку Віктара, не ўсе людзі ведаюць правы праезду людзей, якія суправаджаюць інвалідаў. Некаторыя так і казалі: «Інваліда бясплатна павязуць, а мне, суправаджальніку, плаці».

Мы звярнуліся ў Офіс па абароне правоў інвалідаў.

Тут юрысты растлумачылі, што, згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян», ад 14 чэрвеня 2007 года інваліды першай групы і асобы, якія іх суправаджаюць у гарадскім, прыгарадным і міжгароднім транспарце павінны ездзіць бясплатна. Адзінае – у межах раёна.