Зламаліся шматлікія лёсы, хтосьці назаўсёды апынуўся за мяжой, пакінуўшы родны край. А некаторыя, як жыхар Германіі Гельмут Айххорн, знайшлі другую радзіму. Для нашага героя ёй стала Маладзечаншчына.

У час гастрольнай паездкі народнага камернага аркестра рускіх народных інструментаў нашага горада, жывучы ў нямецкіх сем’ях, мы міжволі закраналі ў гутарках тыя цяжкія, балючыя гады. Так, нашы гаспадары або іх бацькі былі салдатамі. А салдат, як вядома, заўсёды павінны выконваць загад. Гэта прынцып дзеяння любой арміі.

Можна вінаваціць асобы, якія ўцягнулі народы ў вайну, але толькі не людзей, якія гэтага не хацелі. Шмат было ў Германіі антыфашыстаў. Большасць з іх загінулі або былі закатаваныя. Яны ведалі, на што ішлі.

Не магу забыць словы ветэрана з Маладзечна, які сказаў: «Мы з імі ваявалі, а вы сёння цалуецеся». Што ж, магчыма, і ёсць тут наша віна. Прыйдуць новыя пакаленні, час сатрэ і гэтае гора. Мы ўжо не крыўдзімся на французаў, якія ў 1812 ішлі на Маскву. А Германія сёння іншая. Там жывуць людзі, якія праклінаюць той час. А дабрачынная зборы і дапамога нашым пакутнікам Чарнобыля – гэта акцыі не толькі кіраўніцтва, але і простых людзей у Германіі. Адным з такіх і з’яўляўся Гельмут Айххорн.

Неяк у адной з газет ён прачытаў назву нашага горада – Маладзечна. Даведаўся пра яго партнёрскія сувязі з Эслінгенам. Айххорн тэрмінова звязаўся з рэдакцыяй газеты, знайшоў аўтара заметкі і выйшаў на Таварыства германа-савецкай дружбы ў Эслінгіне. Якраз у той час тут гасцявала група вучняў з маладзечанскай гімназіі №10.

Айххорн кідае ўсе справы і бяжыць на электрычку да Штутгарта. Потым бярэ таксі, едзе ў Эслінген, а ў галаве толькі адна думка: хоць бы не спазніцца. Бо дэлегацыя збіралася ад’язджаць у Маладзечна.

І ўсё ж ён паспеў сустрэцца з маладзечанцамі і распавесці ім сваю гісторыю, звязаную з нашым горадам. Мы слухалі немаладога, з сівымі валасамі, інтэлігентнага чалавека:

– Мы вырваліся з палону з-пад Мінска. Нас было каля двухсот чалавек. Вырашылі прабірацца на Захад, атрымаўшы каманду расстраляць саміх сябе. Для большай бяспекі, група раздзялілася.

Пасля доўгай хады галодны і стомлены нямецкі салдат Гельмут Айххорн перабраўся праз нейкую рэчку і мокры лёг на зямлю.

Раптам перад ім з’явіліся дзве вясковыя дзяўчыны. Адна з іх спытала: «Чаго ты сюды прыйшоў? Хутка цябе павінны будуць расстраляць. Я настаўніца нямецкай мовы. Мы любім нямецкую культуру». Пасля яна стала напяваць вальс Штрауса. Гельмут не разумеў, якім чынам Бог паслаў яму гэту дзяўчыну. А пад яе спевы ўявіў краявіды роднай Германіі.

Праз некалькі хвілін прыйшоў партызан, які сказаў «Гэта вы забілі маю сям’ю. Я павінны заўтра даставіць цябе ў Маладзечна, а пакуль пабудзеш у нас у атрадзе».

Па словах Гельмута, у атрадзе было чалавек восемдзесят. Назаўтра было горача, ішлі доўга, палонны ледзь рухаўся. Ён атрымаў глыток вады і кавалак хлеба.

Прыблізна за два-тры кіламетры да Маладзечна сустрэлі савецкія танкі. Адзін афіцэр загадаў Гельмуту і канваіру-партызану спыніцца і сказаў, што Гельмут параніў яго. Нямецкага салдата паставілі да плота.

– Шкада, што загіну тут і ніхто з родных не даведаецца, – падумаў ён.

Раптам з ганка дома збегла жанчына, засланіла Гельмута сваім целам і крыкнула «Не страляць!». Пасля яна падбегла да савецкага афіцэра і стала прасіць яго не забіваць немца.

Гельмут страціў прытомнасць. Калі ачуняў, да яго падышоў партызан і сказаў

– Хутка вайне – капут. І ты «фарэн нах хаўзэ».

Але дамоў Гульмут трапіў не хутка. Былі доўгія гады лагераў для ваеннапалонных…

У размове з Гельмутам праз некалькі дзён мы падказалі яму назву той вёскі – Палачаны.

Той некалькі разоў паўтарыў: «Так-так, Палачаны». Быццам гэта была апошняя надзея знайсці тую жанчыну. Ён хацеў пабачыць беларускую сялянку, што ўратавала яму жыццё, або пакласці кветкі на яе магілу.

Ды імя гэтай жанчыны невядомае. Хоць у 1991 годзе я звярнуўся да палачанцаў з просьбай прыгадаць гэту гісторыю, што здарылася 3 ліпеня 1944 года.

У горадзе Донаўвёрт Гельмут Айххрон зладзіў нам выступленне.  А пасля канцэрта сабралі грошы для беларускага анкацэнтра ў Мінску.

Сваю дачку Гельмут назваў рускім іменем Ірына. Яна, як і бацька, лічыла Маладзечаншчыну другой радзімай.