У рэгіёне па-ранейшаму дзейнічае забарона выхаду на лёд. Аднак рыбакі не перастаюць хваліцца ў сацсетках сваімі трафеямі.
– На Вілейскім вадасховішчы лёд 5-6 сантыметраў. Шмат дзе на лёдзе стаіць вада. Выходзіць можна тады, калі ледзяное покрыва ад сямі сантыметраў, а лепш ад дзесяці, – распавялі ў Вілейскай выратавальнай станцыі.

Па словах вілейскіх спецыялістаў, учора на Вілейскім вадасховішчы рыбака-парушальніка папярэдзілі і прагналі з лёду. На новай лодцы-піранні суправаджалі таго да самага берага.

Начальнік вадалазна-выратавальнай службы Гродзенскай абласной арганізацыі Асвод Юры Касцевіч распавёў карэспандэнту газеты, што на вадаёмах Ашмянаў, Астраўца і Смаргоні – сітуацыя спакойная. Рыбакоў-парушальнікаў няма, адпаведна няма і здарэнняў.

Самы тоўсты лёд на вадаёмах Ашмянаў – 10-12 сантыметраў. Аднак ён месцамі падмыты, месцамі слаіцца, бо на вуліцы адліга. Таму на такі лёд лепш не выходзіць. На вадаёмах Астравеччыны і Смаргоншчыны лёд сем-восем сантыметраў.

Начальнік выратавальнай станцыі Мядзела Дзмітры Дамшэль распавёў, што ў апошнія дажджлівыя дні лёд на Мястры патанеў. Цяпер ён каля чатырох сантыметраў. На возеры ж Баторына лёд даволі моцны – сем сантыметраў. На адзіночную рыбалку можна выходзіць. Каб ісці групай, варта дачакацца 12 сантыметраў.