У Крэве і ваколіцах з часоў Першай сусветнай вайны захавалася мноства моцных бетонных умацаванняў.

У рускіх – бліндажы з дрэва і пяску, у немцаў – з цэменту

Трэба сказаць, што цэментавыя бліндажы ўзводзілі тут толькі немцы. Умацаванні рускіх былі з дрэва і пяску, таму да нашага часу яны не захаваліся. Спачатку і ў немцаў яны былі драўляныя. Але калі стала зразумелым, што лінія фронту спынілася тут надоўга, тыя пачалі ўзводзіць больш дасканалыя і трывалыя збудаванні. Асабліва іх колькасць і якасць пачалі расці, калі да немцаў данесліся чуткі аб наступальнай аперацыі пад Крэвам, што планавалася рускімі на лета 1917 года.

Сённяшняя наша віртуальная экскурсія ахопіць толькі ваенна-інжынерныя пабудовы, якія ўтрымліваюць тыя ці іншыя надпісы на фасадах ці на сценах унутры. Канешне ж, па-за ўвагай застануцца роспісы сучасных «графіцістаў», да якіх яшчэ не дайшло, што псаваць помнікі – дрэнна.

А вось першапачатковыя надпісы вартыя ўвагі. Па-першае, некаторыя з іх не пазбаўленыя мастацкасці. Па-другое, яны даюць разнастайную інфармацыю пра час узвядзення аб’екта, пра вайсковыя фарміраванні і разлікі, якім належалі. Цікавасць выклікаюць таксама і некаторыя пасляваенныя надпісы.

Некаторыя з надпісаў не пазбаўленыя прапаганды

Многія надпісы рабіліся з прапагандысцкімі мэтамі. Салдатам убівалася ў галаву, што тут, на чужой зямлі, яны «абараняюць радзіму», што «перамога будзе за намі».

На гістарычным здымку блокхаўза 379-га стралковага палка ў Бучыне (урочышча ў паўночна-заходняй частцы Крэва) быў прапагандысцкі надпіс «Den Russen sind wir über!». Яго можна перакласці як «Мы мацнейшыя за рускіх!». Некаторыя надпісы-таблічкі ўказвалі на месца размяшчэння камандзіраў пэўных падраздзяленняў.

Увогуле, немцы любілі аздабляць прыгожымі надпісамі ўсё, нават тое, што, здавалася б, і не патрабуе нейкіх удакладненняў. На фрагменце аднаго са здымкаў з калекцыі Багданава, над пабудовай, ужо добра патрапанай у час ліпеньскай аперацыі 1917 года, напісана, што тут знаходзіцца кухня. Пабудова размяшчалася на схіле пагорка, дзе цяпер стаіць касцёл, з боку дарогі да каталіцкіх могілак.

Сховішча ад абстрэлу і вайсковы шпіталь

Наступныя надпісы захаваліся да нашага часу. Яны ёсць на бліндажах пры дарозе на Чухны з боку Багданаўскай вуліцы ў Крэве. На адным надпіс «Schußsicher» – сховішча ад абстрэлу. У астатніх надпісах знаходзім інфармацыю пра вайсковае падраздзяленне, якому бліндажы належалі.

На бліндажах у Бабіным Логу і Катлоўцы надпісы змяшчаюць не толькі інфармацыю аб падраздзяленні ці разліку, але і пра дату пабудовы. Напрыклад, красавік або жнівень 1917 года.

А вось своеасаблівы герб з надпісам «Henky’s Stollen» –  штольні (падвалы) Хенкі, – змешчаны на адным з бліндажоў, якія ў нас называюцца Чырвонымі (знаходзяцца пад Алешышкамі).

Крыж на гербе стаў падставай для мясцовых меркаваць, што тут знаходзілася ваенная лячэбная ўстанова. Хутчэй за ўсё, так яно і было, бо ў гісторыі 379-га стралковага палка пра яе згадваецца. Больш за тое, прозвішча палкавога ваеннага доктара сапраўды было Henky, як на тым надпісе на гербе.

Нямецкія бліндажы спатрэбіліся ў барацьбе з… немцамі

У міжваенны час, калі нашы землі ўваходзілі ў склад Польшчы, урад перадаў нямецкія ўмацаванні ў распараджэнне ваеннага міністэрства. Ваеннымі зрабілі надпісы «Вайсковая ўласнасць. Разбіраць забаронена!»

Умацаванні меркавалася выкарыстоўваць у час магчымых баявых дзеянняў у будучым. Так яно і атрымалася: у час Другой сусветнай вайны нямецкія бліндажы вельмі спатрэбіліся падпольным фарміраванням польскай Арміі Краёвай у барацьбе з тымі ж немцамі.

Фотаздымкі забяспечаныя аўтарам.