На ўрачыстасць прыйшлі аўтар фота на наш фірменны каляндар Іна Бажко з мадэллю Нэлі Соніч з Маладзечна, жыхар Астраўца Юры Горыд і Алесь Раткевіч з Чысці.

Алесь Раткевіч:  Дзякуй «Рэгіянальнай газеце», што стаў пісьменнікам

Прыз у намінацыі «За сувязь з «Рэгіянальнай газетай» атрымаў наш пазаштатны аўтар Алесь Раткевіч. Да таго ж у чытацкім галасаванні яго фотаздымак заняў трэцяе месца. На фота – спадар Алесь з 90-гадовым жыхаром вёскі Сакалоўка, што на Вілейшчыне, Уладзімірам Барысевічам.

Алеся Раткевіча рэдакцыя адзначыла за шматгадовую сувязь з газетай. Фота Таццяны Касьян.

–  Думаю, што галасуючы за дасланы мной фотаздымак, людзі галасавалі за нашу старасць, –  падзяліўся Алесь Раткевіч. –  Цешыць тое, што людзі не счарсцвелі, што не толькі грошы, коцікі і сабачкі вабяць іх.

Алесь Раткевіч: “Рэгіянальная газета” ў адрозненні ад дзяржаўных СМІ не баіцца вострых тэм.” Фота Таццяны Касьян.

Прымаючы віншаванні, Алесь Раткевіч заявіў, што без «Рэгіянальнай газеты» не было б яго сённяшняга – аўтара кнігі «Невядомыя гісторыі майго краю»:

– У адрозненне ад дзяржаўных выданняў, у цяжкіх умовах ваша газета выжывае сама, без дзяржаўнай падтрымкі. Праводзіць такія акцыі, да таго ж яшчэ рызыкуе, друкуючы мае матэрыялы, – адзначыў госць з Чысці.

Юры Горыд: Пакуль увесь свет круціцца вакол дачкі

Фатографа Юрыя Горыда з Астраўца «Рэгіянальная газета» ўзнагародзіла за выключнае майстэрства. На дасланым фота – яго жонка Алёна і трохгадовая дачка Паліна бягуць па восеньскім парку ля вёскі Дубнікі на Астравеччыне.

Юры Горыд.

Яшчэ адзін фотаздымак гэтай мясціны, зроблены на плёнку фотаапаратам 1970-х гадоў, Юры падарыў нашай рэдакцыі.

Юры мае трохгадовую дачку, таму ўвесь свет круціцца вакол яе. Вось і пра конкурс даведаўся ў апошні момант.

Нэлі Соніч: Сукенку з восеньскіх лістоў мы апранаем не кожны дзень

Фірменны каляндар «Рэгіянальнай газеты» ўпрыгожыць фотаздымак маладзечанкі Іны Бажко. На ўрачыстасць Іна прыйшла з Нэлі Соніч – дзяўчынай, адлюстраванай на фотаздымку з вобразе Дрыяды.

Нэлі Соніч упрыгожыць каляндар нашай газеты. Фота Таццяны Касьян. 

Вобраз для фота дзяўчаты прыдумалі разам. А вось сукенку з кляновых лістоў Нэлі рабіла сама:

– Удзень занырнула ў гарадскі парк, а ўвечары вынырнула з кучай лістоў, – прыгадала Нэлі. – Прахожыя вельмі дзіўна паглядалі на мяне. Потым зачынілася з лістамі ў сваім пакоі і цэлую ноч рабіла сукенку. Падышла адказна. Усё ж сукенку з кляновых лістоў мы апранаем не кожны дзень.

Іна Бажко: з дзяцінства лічыла, што фота – гэта чараўніцтва

Маладзечанка Іна Бажко па спецыяльнасці – фельчар. Кажа, фота ратуе ад няпростай і неспакойнай працы медыка.

– Фотаздымка захапіла мяне яшчэ ў дзяцінстве, – распавяла фатограф. – Калі бацька ў цёмным пакоі праяўляў фоткі. Клаў у раствор белы аркуш, а даставаў яго адтуль ужо з карцінкай. Я не думала ні пра якія хімічныя рэакцыі. Была перакананая: гэта чараўніцтва.

Іна Бажко – аўтар фотаздымка на каляндар. Фота Таццяны Касьян. 

Якім стаў для вас 2018 год?

Алесь Раткевіч:

– Споўнілася 90 год майму сябру Уладзіміру Барысевічу. У мяне выйшла кніжка пра Вілейшчыну «Невядомыя гісторыі майго краю» – пра рэпрэсіі, жыццё пры Польшчы, вайну і партызаншчыну. У ёй я раскрываю другі бок медаля. Пра ўсе падзеі пыталіся ў военачальнікаў, у дзяржавы, а ў звычайных людзей ніхто не пытаўся. Я ў сваёй кнізе выпраўляю гэту недарэчнасць. Палац не пабудаваў, тэхніку не набыў, але з’явілася больш сяброў і прыхільнікаў. Саюз беларускіх пісьменнікаў прыняў мяне ў свае шэрагі.

На карціне Юрыя Горыда – парк на Астравеччыне. Фота Таццяны Касьян.

Юры Горыд:

– Апошнія гады я здымаю радзей, але гэту цудоўную восень прапусціць не мог. Дачка пайшла ў садок. Назіраем, як яна расце. Лічу, што праца будзе заўсёды, таму не варта забіраць для яе шмат часу, каб не бачыць, як расце тваё дзіця. Дачка пачала займацца англійскай мовай. Ёй падабаецца. Кожны дзень яна нас чымсьці здзіўляе. Я магу сабе дазволіць займацца тым, што мне падабаецца. Таму, напрыклад, не здымаю вяселлі. Часта здараецца так, што фатограф бярэ камерцыйныя здымкі, шмат працуе на вяселлях. Потым ідзе на пенсію, і што ў выніку? У яго няма выстаў, ні адзін з яго фотаздымкаў не ўключаны ў падручнік па фота.

Нэлі Соніч:

– Год прайшоў так: праца-дом-падарожжы. Атрымалася некалькі дзён пабыць у Францыі, Італіі, Іспаніі. Заўважыла, што там няма такіх неверагодных кляновых лістоў, як у нас. Шмат з бацькамі ездзім і па Беларусі. Таксама сёлета ўдзельнічала ў фестывалі «Час жыць» у Маладзечне. Выступала са сваім музычным гуртом, бо іграю на фартэпіяна і бас-гітары.

Падарункі ад “Рэгіянальнай газеты”. Фота Таццяны Касьян.

Іна Бажко:

– Было шмат працы. Пабачыла адно з цудаў свету – Егіпецкія піраміды. Першы раз пабывала на моры. Перамагла ў вашай акцыі. Здымала вяселлі. А яшчэ лав-сторы. Мне асабліва падабаецца іх здымаць. Часта прапаноўваю гэта зрабіць маладым перад вяселлем. На такіх здымках можна пабегаць па вадзе і пакачацца на траве. На вяселлі гэтага не зробіш. Удалыя фотасесіі былі з Нэлі. Яна сама можа прыдумаць адметныя вобразы. Здымаліся мы і з гітарай, і з лукам. Нэлі звычайна на здымкі палову кватэры вывозіць.

Чаго чакаеце ад 2019 года?

Алесь Раткевіч:

– Хацелася б на Вілейшчыне, у Батурыне, абазначыць месца, дзе стаяў касцёл, у якім у 1918 годзе абвясцілі пра стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. А таксама добра было б, каб адшукалі месца, дзе ноччу ў кастрычніку 1937 органы НКВД забілі больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Бо некаторыя настойваюць, што гэта не Курапаты.

Юры Горыд:

– Я не планую нават на месяц наперад.

Нэлі Соніч:

– Разам з Інай зрабіць фотаздымку «Чатыры сезоны». А ўвогуле, я жыву гэтым днём і рада, што мары здзяйсняюцца.

Іна Бажко:

– А ў маіх планах – Нэлі. Буду па-ранейшаму яе здымаць. Спадзяюся, што будзе больш сонечных дзён. Хочацца павандраваць па Беларусі і замежжы.

• Текст доступен на языке: Русский