Зіхацяць агнямі ёлкі ў групе дзіцячага садка, мігацяць у акенцах таямнічым святлом шматлікія гірлянды,  дзеці  з нецярпеннем рыхтуюцца да сустрэчы з Дзедам Марозам. Цікава пагутарыць з малымі, што яны ведаюць пра гэтага казачнага персанажа?
Аказваецца беларускія хлопчыкі і дзяўчынкі, а таксама іх бацькі добра знаёмыя не толькі з Дзедам Марозам, яго ўнучкай Снягуркай, снегавіком-паштавіком, але падрабязна расказваюць пра Санта-Клаўса, аленя Рудольфа, гномаў і эльфаў, якія дапамагаюць чараўнікам развозіць падарункі. І гэта не дзіва.

На паліцах амаль кожнай крамы горада стаяць святочна апранутыя ў чырвоныя пінжачкі і шапачкі з бразготкамі Санта-Клаўсы. І лялькі, і нават штучныя ёлачкі спяваюць калядныя песенькі на англійскай мове.

Зусім рэдка, толькі ў старых бабулінах скрынях, сустракаюцца персанажы рускіх казак –  Дзяды Марозы ў традыцыйна доўгіх футрах, валёнках, з чароўнымі посахамі. А пра беларускага бога зімы Зюзю многія нават не чулі.

Выхаванцы разглядаюць кнігі пра Новы год.

Каб выправіць гэту недарэчнасць, я вырашыла пазнаёміць сваіх выхаванцаў з беларускім чараўніком і яго сябрамі, абапіраючыся на кнігу “Чароўны свет” выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.

Зюзю беларусы з даўніх часоў ведалі як клапатлівага і справядлівага бога зімы. Гэта быў высокі стары ў белым кажуху з белымі валасамі і доўгай барадой. Хадзіў ён па снезе босы, а ў руках  заўсёды была жалезная булава.

Ствараем карункавы лес.

Калі Зюзя бачыў нядбайныя адносіны гаспадароў да  сябе ці сваёй гаспадаркі, то ён злосна грукаў булавой аб зямлю ці вугал хаты. Беларусы з павагай адносіліся да бога зімы і заўсёды стараліся заручыцца яго падтрымкай, каб добра перазімаваць халодную і цяжкую зіму. Падчас каляднай сямейнай вячэры сяляне для Зюзі выстаўлялі каля хат пачастунак са словамі: “Зюзя, ідзі куццю з намі есці!” У лясах, палях Зюзя пільна сачыў за зямлёй, раслінамі, звярамі падчас іх зімоўкі.

Зацікавіла выхаванцаў і гісторыя пра сваяка Зюзі, яго памагатага – Ледзянога дзеда. Гэты персанаж  масціў лёдам дарогі, каб сялянам лягчэй было з лесу дровы вазіць, забіраць з балота сена ці пераязджаць праз раку ў суседнюю вёску. А яшчэ Ледзяны дзед вымарожваў паветра, робячы яго чыстым і здаровым. Ледзянога дзеда ў розных частках Беларусі называлі Панам, Марозам Марозавічам, дзедам Марозам,  прыпісваючы яму рознае чарадзейства.

Не абмінулі ўвагай  дапытлівыя  дзеці дзіўную міфічную істоту –  Гаёвага дзеда і яго ўнучак – Гаёвак. Яны жылі ў гаі і клапаціліся пра парадак ў ім. Без ведама Гаюна нельга было ссячы і дрэва ў лесе. Калі патрэбныя былі дровы на будоўлю хаты ці для печы, сяляне залагоджвалі  Гаёвага дзядка, загадзя пакідалі яму ў гаі смачныя пачастункі са словамі: “Гаюн, Гаюн, прымі пачастунак. Ці сам з’ясі, ці ўнучкам аддасі!” Унучкі-гаёўкі амаль увесь год бегалі па лясах, як звычайныя дзяўчаты, а вось на зіму пакрываліся белай поўсцю, зліваючыся са снегам.

Наша казка.

Наслухаўшыся дзіўных гісторый, зацікаўленыя малыя задумаліся, як зрабіць міфічных персанажаў. Вырашылі пераапрануць лялек, з якімі ўжо дома не гулялі. З энцыклапедый даведаліся пра асаблівасці адзення і побыт беларусаў, іх адносіны да прыроды, традыцый калядавання.  Потым  пашылі адпаведнае адзенне істотам, зрабілі атрыбуты – і ў нашай групе пасялілася сапраўдная казка.

Гаёўкі.
Ледзяны дзед.

Кожны дзень хлопчыкі і дзяўчынкі натхняліся  новымі ідэямі. Так з’явіліся не толькі пералічаныя персанажы, але і санкі, запрэжаныя канём, у якіх дзеткі-беларусы едуць у лес за ёлачкай на свята. Самастойна стварылі выцінаны лес, па якім блукалі звяры, што не ўпадаюць у спячку на зімоўку.

Дзіцячыя пальчыкі раскладалі мяккі снег-вату ў чароўным лесе, а вочы малых гарэлі задавальненнем, што іх лялькі  ажылі ў новых вобразах.

Зюзя, Ледзяны дзед, Гаюн з Гаёўкамі, лялечкі-дзеткі ў санях ператварылі падрыхтоўку да навагодніх свят у сапраўдную прыгоду для выхаванцаў нашай групы. Яны не толькі далучыліся да беларускай фальклорнай спадчыны, зацікавіліся побытам сялян зімой, беларускім адзеннем, але і праявілі свае творчыя здольнасці і набылі пэўныя ўменні па дзіцячым дызайне.

Зюзя.

Аказваецца, зусім проста стварыць для дзяцей цікавую, змястоўную казку, а самае галоўнае – з адметнымі менавіта нашай, беларускай, культуры героямі і персанажамі.

Фота аўтара.

 

• Текст доступен на языке: Русский